Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

Аканом. Праўду кажучы, на вас прыйшоў я глянуць!..

Кася. Адкуль-жа вядома, што я тут?

Аканом. Я сэрцам чуў!

Кася. Якое чулае ў вас сэрца!

Аканом. Штоноч у сьне вас бачыў!.. Толькі і чакаў тае шчасьлівае хвіліны, як вас пабачу ў сьне!..

Кася. Ды што вы?

Аканом. Так, так! Калі гляджу на вас — здаецца мне, гляджу на каласістае жыта, адкуль выглядаюць блакітныя васількі!.. То-ж вашы вочкі!..

Кася. Ой, як вы складна мовіце!

Аканом. Гатоў я салавейкам засьпяваць!

Кася. Ну, засьпявайце!..

Аканом. Баюся, пан яшчэ пачуе!

Кася. Ды не пачуе!

Аканом. Голас у мяне, што ў салаўя!.. Як зацягну… але баюся пана…

Кася (хітра). Значыць, вам Сурынта страшны?

Аканом. Ну, вядома, бо пан!..

Кася (хітра). А Віцька?

Аканом. Мерцьвякі ня страшныя!

Кася (стоячы ля акна, дзіка крыкнула). Ах!

Аканом. Што з вамі?

Кася. Віцька тут! (Аканом са страху паваліўся).

Кася (тупаючы нагамі, крычыць). Сюды зноў ідзе… З калом вялікім… (Аканом, паўзучы, уцякае і крычыць: Уланы! уланы!).

Кася (сьмяючыся). Ну і адважны… Налгаў, налгаў, і мысьліў, што паверу. (Пайшла ўсьлед за ім).