Пры гэтых словах я пачаў есьці яйкі.
Між тым, мае размоўцы, як відаць, ня ведалі што падумаць пра мяне. Што яны лічылі мяне за манюку, было зразумела, але ўсё-такі золата, якое ляжала каля мяне, надавала ім пачцівасьць да маёй асобы.
— Скажэце, — абярнуўся да мяне адзін з маладых людзей. — Чаму вы ня хочаце нам расказаць… Вы-ж ня можаце сур’ёзна думаць, што мы паверым вашаму жарту? Мы разумеем, што вы жартуеце. Вы-ж жартуеце?
— Калі вам абавязкова хочацца, каб я жартаваў, то калі ласка: я жартую.
— Ён ня хоча сказаць нам праўды! — сказаў адзін з маладых людзей.
— Прашу вас ня думаць, што я вам хлушу. Але я прымушан хаваць адну таемнасьць. Даю вас слова гонару, што я прыляцеў з месяца, і больш я вам нічога не магу сказаць… Ня гледзячы на гэта, я вам вельмі ўдзячны. Спадзяюся, што я вас нічым не абразіў.
— О, ніколькі! — ласкава сказаў адзін малады чалавек.
Праз некаторы час маленькі чалавек зазначыў:
— Добрае надвор’е стаіць, праўда? Я не памятую, калі ў нас было такое лета…
— Трах! Жжж… — недзе недалёка ўзьвілася вялізарная ракета. З вакон паляцела шкло.
— Што здарылася?
Усе з выклікамі кінуліся да вокан.