Гэта старонка не была вычытаная
ВОЎК, ЗАПРЭЖАНЫ Ў САНІ
Але хутка я ўбачыў, што зімою ехаць конна нязручна. Куды лепш падарожнічаць у санях. Я купіў сабе вельмі добрыя сані і хутка паімчаўся па мяккім снягу.
Пад вечар я ўехаў у лес. Я пачаў ужо драмаць, як раптам пачуў трывожнае іржанне каня. Я азірнуўся і пры святле месяца ўбачыў страшэннага ваўка, які, разявіўшы зубастую ляпу, бег за маімі санямі.
Надзеі на тое, каб выратавацца ад ваўка, не было.
Я лёг на дно саней і ад страху заплюшчыў вочы.
Конь мой імчаўся, як звар‘яцелы. Лясканне воўчых зубоў чулася ў мяне над самым вухам.
Але, на шчасце, воўк не звярнуў на мяне ніякай увагі.
Ён пераскочыў праз сані — проста ў мяне над галавою — і накінуўся на майго беднага каня.