Скала, на якую мы наляцелі, была зусім не скалою.
Гэта быў велічэзны кіт, які спакойна драмаў на вадзе.
Наляцеўшы на кіта, мы разбудзілі яго, і ён так раззлаваўся, што схапіў наш карабель зубамі за якар і цэлы дзень ад раніцы да ночы цягаў нас па ўсяму акіяну.
На шчасце, нарэшце такі якарны ланцуг разарваўся, і мы вызваліліся ад кіта.
Едучы з Амерыкі, мы зноў сустрэліся з гэтым кітом. Ён быў мёртвы і ляжаў на вадзе, займаючы сваёй тушай поўмілі. Не было чаго і думаць, каб усцягнуць такую аграмадзіну на карабель. Таму мы адрэзалі ад кіта толькі галаву, і як-жа мы ўзрадваліся, калі, усцягнуўшы яе на палубу, мы знайшлі ў ляпе страшыдлы і наш якар, і сорак метраў карабельнага ланцуга, які ўвесь змяшчаўся ў адной дзірцы яго гнілога зуба.
Але нядоўгай была наша радасць. Мы выявілі, што ў нашым караблі вялікая прабоіна. Вада так і хлынула ў трум.
Карабель пачаў тануць.
Усе збянтэжыліся, закрычалі, заплакалі, але я хутка прыдумаў што рабіць. Нават не здымаючы штаноў, я сеў проста на дзірку і заткнуў яе сваёю задняй часткай.
Вада перастала цячы.
Карабель быў выратаваны.