— 11 —
— Ну едзьмо далей, Тарас! І добрую справу зрабілі, і конікі нашы адпачылі!
Селі, паехалі.
Едуць сабе, едуць, між сабою гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць.
Прыехалі да вёскі.
У канцы яе, каля збажовага магазыну, бачаць, — стаіць грамада людзей, і два чалавекі трымаюцца абедзьвімі рукамі як-бы за прарэх мяшка, быццам рыхтуюцца насыпаць у яго збожжа.
— Людзі, пэўна, збожжа пазычаць прыйшлі, — кажа Тарас.
Пад‘язджаюць бліжэй, глядзяць, — аж гэта не мяшок, а нагавіцы.
— Глядзі, Тарас, дык тут пэўна ў нагавіцы збожжа насыпаюць!
— Пачакай, што далей будзе? — кажа Тарас.
Прыстакнулі, „дабрыдзень“ сказалі і прыглядаюцца.
Бачаць, аж на страху магазыну палез малады дзяцюк, шчарэпіўся на самы хрыбет, прымітыкаваўся насупраць нагавіц і раптам калі пабяжыць са страхі ды — гоц! на зямлю, аж вякнуў.
— Не патрапіў! — крычаць мазурэ, рагочучы.
Зноў палез дзяцюк на страху, прымітыкаваўся, — гоц! на зямлю.
— Ня туды! — крычаць зноў мазурэ.
Палез яшчэ дзяцюк на страху…
— Што гэта вы робіце тут, людцэ? — пытаецца Панас.
— А гэта ось мы вучым дзяцюка нагавіцы адзяваць, — кажуць мазурэ, — бо вечарам, бачыце, ў сватэ пойдзе.