— 12 —
— Гэ, да гэта можна хутчэй зрабіць! — кажа Панас, — дайця сюды нагавіцы! Я пакажу, як іх адзяваюць.
Узяў нагавіцы — шмыг! шмыг! у адну калошыну, ў другую, падперазаў паясом — і гатова справа! Дзівяцца мазурэ і пытаюцца: „Адкуль вы, людзі?“
— А, — адгэтуль ня відаць. Ну, а цяпер няхай гэты дзяцюк сам спрабуе гэтак зрабіць!
Дзяцюк зьлез са страхі, адзеў звычайным спосабам нагавіцы, ўглядаецца на іх, сьмяецца з радасьці, рукавом пот з лыба выцірае, цешыцца й зухуе, што ўлезшы ў нагавіцы сталым паляком зрабіўся.
Не надзякуюцца мазурэ, што даведаліся спосабу нагавіцы адзяваць!
— Ну, ось і зноў добрую справу зрабілі, а тым часам і нашы конікі адпачылі, едзьмо далей, — кажа задаволяны Панас.
Селі, паехалі.
Едуць, усё едуць, між сабою гутараць, Свае люлячкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць, а іх конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць…
Прыязджаюць у вёску.
Бачаць, аж мужыке цягнуць карову на страху за рогі, а бабы ззаду падпіхаюць.
Зацікавіліся Панас з Тарасам! Прыстакнулі, „дабрыдзень“ сказалі, ўзіраюцца.
А карова, аж раве, ўпінаецца: ня хоча на страху лезьці!
— Што робіце, людцэ? — пытаецца Панас.
— А ці-ж ня бачыш? Карову на пашу жанямо! — адказваюць мазурэ.
На страсе, праўда, была добрая трава.