— 17 —
— Ну, а дзеля чаго ў цябе шыла ў руцэ?
— А гэта мы на шылі мёд са сьвірну носім.
— Ну, гэта інакш робіцца! Хочаця, — пакажам?
— Добра, пакажэця! — згадзіліся мазурэ.
— Зараз Панас і Тарас прынясьлі са сьвірну ражачку з мёдам, паставілі на стол, селі і паказваюць, як трэба аладкі з мёдам есьці.
Нагледзяліся мазурэ і самі пачалі гэтак рабіць. Ядуць, хваляць, што смашна, і ня могуць надзівіцца, да чаго на сьвеце ёсьць людзі хітрыя.
Наеліся Панас і Тарас за сваю навуку аладак з мёдам. Атрымалі ад мазуроў гору падзяк і паехалі далей.
Едуць яны, едуць, між сабой жартуюць і сьмяюцца, аб тым, што бачылі, гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — пакурваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — трухаюць.
Праз лясэ, пале праязджаюць, з прыгорка на прыгорак перавальваюцца. На выганах начлегуюць, сваіх конікаў папасваюць.
— Тарас, а Тарас!
— Што, куме Панас?
— Ось колькі часу мы ўжо едзем, колькі ўсяго ужо нагледзяліся, а дагэтуль яшчэ не праканаліся ў блуклівасьці мазуроў.
— Я і сам ужо аб гэтым думаю, Панас.
І толькі сказаў гэта Тарас, як узяў зараз-жа завярнуў коні назад, быццам раптам здумаў да хаты варочацца. Але спыніў коні і далей ня едзе.
А было гэта ўжо на захадзе сонца.
— Што ты замануў, Тарас? Няўжо да хаты здумаў варочацца?
— Пачакай, Панас! Будзеш многа ведаць, — хутка старым станеш.
Стаяць сярод дарогі, азіраюцца.