Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/17

Гэта старонка была вычытаная

Другі прыклад нісходзячага параўнаньня:

Скажыце мне, думкі,
Гора весялушкі,
Чаго вы прыціхлі,
Як у восень птушкі? (23)

Шырока карыстаецца Янка Купала адмоўнымі параўнаньнямі:

1) Не на рэчцы лялее вадзіцца,
І не явар калыша лістком, ―
Гэта кроў маладая бурліцца,
Гэта сэрца пайшло хадуном. (36)
2) Не груган над ахвярай шыбуе,
Несхаваную высачыў косьць,
К праўдзе ўвагі не знае, ня чуе,
Як зьмея, чалавечая злосьць. (37)
3) Не жалейка іграе
Пад ляском за вёскай,
Не вятрок хістае
Беленькай бярозкай;
Дзевачка-нябожа
Уздыхае, плача
Па сваім прыгожым,
Па жыцьці бедачым. (39)
4. Не дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі,―
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.
І пайшлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную. (66)

У духу народнай творчасьці рознастайна прадстаўлены ў зборніку "Гусьляр" паралелізмы, напрыклад:

1) Цяжка ў час буры сасонцы хістаціся,
Коласу зімку праводзіці ў полі,
Цяжка са шчасьцейкам быць і растаціся―
Цяжэй-жа шчасьця ня знаці ніколі. (26)
2) Было гэта вясною,
Клаў гняздо верабейка;
На лугу на зялёным
Шчасна іграла жалейка. (39)

Паралелізмы ўжываюцца ў Янкі Купалы ня толькі як стылістычны прыём; часта яны разгарнаюцца ў пэўны прыём композыцыі: цэлыя вершы будуюцца ў Янкі Купалы на падставе паралелізму („Голуб і дзяцюк", "Было гэта" і іншае).

На грунце шырокага карыстаньня адмоўнымі параўнаньнямі і паралелізмамі вырастае ў Янкі Купалы прыём стылізацыі, падробкі пад народныя песьні. Напрыклад, яго верш "Два браты" цалком вытрыманы у духу народнай творчасьці:

Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла,
Неспакойнікі.