дзейснасьць, сярод якой жыў і выхоўваўся поэта. Рэволюцыя 1905 г., магутны ўзрух працоўных мас, нашаніўская пара―усё гэта дало Янку Купале асноўныя тэмы, асноўныя грамадзкія настроі яго творчасьці. Некаторы індывідуалізм поэты мае свае карэньні ва ўмовах клясавага пахаджэньня песьняра. Сын дробнага працоўнага арандатара, Купала цесна зьвязан з сялянскай гаспадаркай, усё яго маленства і юнацтва прайшло ў цяжкай працы земляроба. "Сяляне працуюць кожны на сваім палетку, кажа М. М. Пакроўскі, параўнальна рэдка дапамагаюць адзін другому, а калі прадаюць вырабы сваей зямлі, тады ўжо зьяўляюцца супернікамі адзін другому. З гэтай прычыны ў селяніна не магла разьвіцца салідарнасьць".
Апроч соцыяльна-эканамічнага фактора, разьвіцьцё індывідуалістычных настрояў у Купалы выклікалася і політычна-гістарычнымі акалічнасьцямі царскай рэакцыі, у багне якой прышлося выступаць поэце на літаратурнай ніве. Назіраецца агульны-соцыяльны закон, што калі рэчаіснасьць не адпавядае ідэалам мастака, то ён адыходзіць ад яе ў глыб сваіх уласных індывідуальных перажываньняў. Дзейства гэтага закону асабліва выяўляецца на сучасных Янку Купале расійскіх поэтах і пісьменьніках. Так, Андрэй Белы заблытваецца ў непраходнай тхлані містыкі, Бальмант сам сабою "забавляется и развлекается", Фёдар Салагуб будуе сваю тэорыю "творимой легенды", Арцыбашаў і Анатоль Каменскі смакуюць палавую праблему, нават Валеры Брусаў і той аддаў належны падатак часу. У параўнаныні з музай гэтых прадстаўнікоў расійскага Парнасу муза нашага беларускага песьняра зьяўляецца больш здаровай; Янка Купала ніколі не даходзіць да ўскрайняга індывідуалізму, у яго мы хутчэй спатыкаем сінтэз індывідуалізму і грамадзкасьці.