Старонка:Пятуховіч Купала Колас.pdf/8

Гэта старонка была вычытаная

гацьце, сямейнае шчасьце, задавальненьне—усё гэта нішто, няпрыкметна падкрадваецца старасьць, а разам з ёю і магіла. У сьвятле смутных развагаў робіць поэта агляд розных эгоістычных мэтаў чалавечага жыцьця:

Мы гонімся часта за марай уладнай,
Каторая шчасьцем завецца.
Но трудна яе нам злавіці, ой трудна,
Хоць блізка тут, блізка здаецца...
Адным мара-шчасьцем завецца багацьце,
Што сьвеціцца грошай машонкай;
Другімі―парадак і згода у хаце,
Інымі―харошая жонка,
Той рвецца да славы, шырокай, вялікай,
Той―жыці нязнатна, як дзеці;
Той―песьняй азвацца нясвойскай і дзікай,
Той―родную думку запеці...
І роім у мысьлях так цэлымі днямі,
Но шчасьце ня роіцца ройна...
("Шчасьце").

Гэтая рэфлексыя накідвае мрачны флер пэсымізму на думкі поэты.

Можа не арыгінальны асабліва гэтыя думкі, якія выказвае Янка Купала ў "Жалейцы", але за тое зборнік падкупляе нас сваей шчырасьцю і беспасярэднасьцю; тут ня чуецца ніводнага фальшывага гуку, усе словы ідуць ад сэрца поэты; тут ён раскрывае ўласныя раны сваёй душы, раны і балячкі свайго народу. У зборніку заўважваецца поўная адсутнасьць рыторыкі, фальшывай позы, гукі поэты чаруюць нас і вабяць сваёй прастатой і эмоцыянальнасьцю.

Пячатка той-жа беспасярэднасьці ляжыць і на форме зборніка. Верш Купалы ня дзівіць нас тут сваёй асаблівай бліскучасьцю і мілагучнасьцю, як у пазьнейшых зборніках. Але і тут ужо адчуваецца рука будучага майстра верша; Янка Купала прабуе тут усе клясычныя разьмеры мэтрыкі, але асабліва ўлюблёнымі яго мэтрамі зьяўляюцца харэй і ямб, што адпавядае разгаворнаму і напеўнаму характару яго мэлёдыкі.

Стылістычныя прыёмы гэтак сама не вызначаюцца асаблівай разнастайнасьцю. Маляўнічыя эпітэты трапляюцца рэдка, большаю часткаю яны носяць характар клішэ (чорная зямля, ясная зара, сохі-крывулі, курганы—сьведкі бітваў і г. д.). Сустракаюцца паасобныя прыклады кумуляцыі эмоцыяльных эпітэтаў („Над могілкамі"). Зрэдку сустракаюцца мэтафоры (зоркі ўсьміхаюцца, хмары ішлі і стагналі), абронены і паасобныя прыклады гіпэрбалы:

1) Як я з сошкай пайду,
Увесь сьвет накармлю; (5)[1]
2) Запейма хоць трошкі,
Каб сьвет аж затросься. (14).

Больш багатымі зьяўляюцца ў Янкі Купалы параўнаньні, - пераважна роўнаступянёвыя і конкрэтныя:

1) Бярозкі, як тычкі, стаяць. (3)
2) Сьвеце месяц, сьвеце,
Як дзюрка ў сярмязе. (25)

  1. Цытаты прыводзяцца з "Жалейкі", выданьня 1908, у Пецярбурзе.