Як вядома, для народнікаў характэрнай зьяўляецца іх вера ў інтэлігэнцыю. На падставе тэорыі крытычна мысьлячай асобы Лаўрова яны лічылі, што інтэлігенцыя―гэта галоўны фактар культуры і прогрэсу, гэта―соль зямлі. Беларускі пясьняр не падзяляе гэтай ілюзіі. У яго вершы "Песенька для некаторых маладых людзей" выразна выяўляюцца крытычныя адносіны да інтэлігенцыі; тут выступаюць паасобныя вобразы інтэлігэнтаў высокай кваліфікацыі―доктар, інжынэр, адвакат, судзьдзя. Для ўсіх іх характэрна тое, што яны, па думцы поэты, рана губляюць свой юнацкі парыў у высь ідэалу і хутка зацягваюцца жыцьцёвым брудам, павялічваючы сабой толькі кадры дармаедаў, якія эксплёатуюць працоўны люд. Поэта гаворыць:
Людзей маладых у нас дужа вучоных |
Але гэты юнацкі ідэалізм, рысуе поэта, адцьвітае, не пасьпеўшы расквеціцца: доктар бярэ з беднякоў рублі і поўрублёвікі, інжынэр―будуе турмы і вастрогі, судзьдзя―асуджае на катаргу галодных людзей і г. д.
Гэтак у "Жалейцы" Янка Купала выступае, як народнік, але народнік suі generіs, сваяасаблівы, пазбаўлены некаторых ілюзій народніцтва.
Можа неорыгінальны асабліва думкі, якія выказвае Янка Купала ў „Жалейцы", але затое зборнік падкупляе нас сваёй шчырасьцю і беспасрэднасьцю; тут ня чуецца ніводнага фальшывага гуку, усе словы йдуць ад сэрца поэты; тут ён раскрывае ўласныя раны сваёй душы, раны болькі свайго народу. У зборніку заўважваецца поўная адсутнасьць рыторыкі, фальшывай позы; гукі поэты чаруюць нас і вабяць сваёй прастатой і эмоцыянальнасьцю.
Другі этап у мастацкім разьвіцьці Янкі Купалы ўяўляе сабой зборнік „Гусьляр". Гэта―пераважна філёзофскі зборнік. Поэта тут часам адыходзіць ад дзейнасьці і ўваходзіць у глыб сваіх унутраных перажываньняў. Праўда, і ў „Жалейцы" мы спатыкаем выраз асабістых настрояў поэты, але там выказваюцца пераважна эмоцыянальныя адносіны да рачаіснасьці, пануе часам беспрадметны сум, мэлянхолія; тут, у „Гусьляры“, пераважна выказваюцца інтэлектуальныя, разумовыя адносіны песьняра да рачаіснасьці. Поэта сам заўважае свой нахіл да рэфлексіі, цяжкога задумленьня; ён гаворыць, напрыклад:
Мае думкі, быццам кумкі, |