рыны: яна адчыняе нам надзвычайную прагавітасьць розуму Скарыны да навукі, бязупыннае імкненьне яго да сьвятла веды.
Першую элемэнтарную асьвету Францішак Скарына, мабыць, атрымаў у сябе на радзіме.
Гандлёвая кляса гарадзкіх жыхароў, да якой належаў Скарына, была для свайго часу досыць асьвечанай. Інтарэсы гандлю і самае кіраўніцтва, паводле Майдэборскага права, вымагалі ня толькі звычайнае пісьменнасьці, але больш-менш сыстэматычнае асьветы. У нас засноўваюцца царкоўныя прыходзкія школы. Характар навучаньня ў гэтых школах быў пераважна царкоўны. Харламповіч, адносна програм нашых школ у XVI сталецьці, прыводзіць пасьведчаньне Одэрборна, які гавора, што ў царкоўных школах вучаць славянскаму пісьму, малітвам да прачыстае і да сьвятога Міколы, некалькі зьмененаму апостальскаму сымболю (Нікэо-Цараградзкаму) і псальмам Давіда" [1]. У васнову навучаньня у прыходзкіх школах, такім чынам, была пакладзена царкоўнаславянская пісьменнасьць. Той факт, што Францішак Скарына ў сваіх выданьнях карыстае з царкоўна-славянскіх тэкстаў і прызначае свой псалтыр для школьных мэт „детем малым", як „початок всякое доброе науки, грамоты, еже добре чести и мовити учить", дазваляе нам думаць, што пачаткі асьветы наш дзеяч атрымаў у сябе— у Полацку.
Другая ступень гэтае асьветы—гэта Кракаўскі Унівэрсытэт. Некаторыя дасьледчыкі (Галавацкі [2], Чыстовіч [3], аўтар артыкулу ў „Крестном календаре" [4], і інш.) памылкова ўказваюць, што нібы Францішак Скарына вучыўся ў Праскім Унівэрсытэце. Першы Вішнеўскі зазначыў Кракаў як месца, дзе беларускі дзеяч атрымаў сваю асьвету: „Nauki odbywal w Akademii Krakowskiej“ [5] —але, на вялікі жаль, Вішнеўскі ня прыводзіць аніякіх докумэнтальных вестак, каб пацьвердзіць сваю думку. Такія весткі зьмяшчае Muczkowski ў кнізе „Statuta nec non liber promotionum Philosophorum ordinis in universitate studiorum Jagellonica” (Cracoviae, 1849), дзе на старонцы 44 мы чытаем: Anno eodem (1506) sub. decanatu... Mg-ri Leonardi etc., ad Quattuor tempora sancta Lucie, ad gradum baccalariatus promote hunc ordinem locorum sortiti sunt: Franc. de Poloczko, Litphanus (У тым-жа (1506) годзе ў часы дэканства магістра Леонарда і інш., а чацьвёртай гадзіне ў дзень сьв. Люцыі, узьведзены ў стан бакаляўраў і атрымалі гэтую годнасьць: Франц(ішак) з Полацку, Літвін...).
Першы гэтую вестку выкарыстаў Пятрушэвіч. „На маё разуменьне, кажа ён, Францішак з Полацку, літвін, ёсьць ніхто іншы, як толькі наш Скарына, які затаіў сваё прозьвішча і імя, што атрымаў у часе хрэсту" [6]. На гэтыя-ж весткі пасылаецца і профэсар Уладзімераў з дадаткам на падставе вестак, атрыманых з рукапісаў Кракаўскага Унівэрсытэту, што тая-ж самая асоба, пад імем Franciscus Luce de Poloczko значыцца, як студэнт, які паступіў у Кракаўскі Унівэрсытэт у 1504 годзе[7]. Уладзімераў, прывёўшы гэтыя весткі, дадае ад сябе: