Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная

толькі буду прасіць таго, чаго ўсе́ людзі цябе́ ве́чна просяць.

ДАНІЛКА. Ну, значыць прапала дзе́дава панства!

ЗОСЬКА. На, вось табе́, дзе́дачка, кве́так трошкі, а ты памаліся… за здаровейка…

СТАРАЦ. За чыё, мая дачушка: за татава, матчына, а можа?..

ЗОСЬКА (нахіляючыся к старцу, каб маці і Данілка ня чулі). Памаліся, дзе́дка, за здароўе нашага паніча.

СТАРАЦ. Добра, дзе́тачка! Я за ўсіх малюся — за каго толькі просяць — і за жывых і за нябошчыкаў. Толькі вось, што я з тваймі гэтымі кве́ткамі рабіць буду?

ЗОСЬКА. Як будзеш, дзе́дка, у цэркаўцы, дык на абразок іх паве́сь.

ДАНІЛКА. Або к сваёй торбачцы прышпілі, каб харашэй выглядала.

СТАРАЦ. Праўда, сынку мой. Як прыгажэй будзе выглядаць, то можа і кідаць бале́й будуць.

ЗОСЬКА. Абы толькі не каме́ньнем, дзе́дка.

СТАРАЦ. Хэ-хэ-хэ. Усяк бывае, дзе́ткі мае́, усяк! Хто хле́бам, хто каменем, а кожны не́чым ды кіне. (Зьбіраецца выходзіць).

МАРЫЛЯ. Ужо, дзе́дка, выходзіць ад нас?

СТАРАЦ. Ужо, пані гаспадыня, ужо! Не сядзіцца мне доўга на адным ме́йсцы. І так па капельцы ўсюды гора назьбіраеш чалаве́чага, ажно несьці цяжанька, а што-ж бы было, каб даўжэй заседжываўся у ваднай хаце? Хэ-хэ-хэ! Шчасьліва аставацца! Слава Хрысту!
УСЕ. Слава! Слава! І на ўве́кі вякоў.

ЗЬЯВА V.
МАРЫЛЯ — ЗОСЬКА — ДАНІЛКА.

ЗОСЬКА (садзячыся каля маткі на ложку). Мамачка, бачыце, якія прыгожанькія кве́тачкі?