Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬЯВА VI.
ТЫЯ-Ж і АЛЕНКА 3 ЮРКАМ.

ДАНІЛКА. (да Аленкі і Юркі). Ну, садзе́цеся, малыя! Толькі ціха будзьце! Зоська сон будзе расказаваць. (Аленка і Юрка садзяцца на зямлі каля матчынага ложка). Ну, пачынай, Зоська! Мы гатовы!

ЗОСЬКА. Здае́цца прыйшоў да нас у хату не́хта такі нязвычайны — на галаве́ ме́сяц, у руццэ сонца трымае: прыйшоў ён і кажа: „Годзе вам тут сядзе́ць, годзе гібе́ць, хадзе́це за мной!“ Мы спачатку, здае́цца, перапужаліся, а пасьля нічога. Ен так добра на нас паглядзе́ў, аж быццам у вачох яго сьле́зы засьвяціліся. Сабраліся мы ўсе́ — ты, тата, я, Сымон, Данілка і малыя, ды пайшлі гэтак за ім кінуўшы і хату і гаспадарку ўсю сваю. Як толькі мы выйшлі — ён і кажа: „што-б там перад вамі, ці за вамі не рабілася — не аглядавайцеся назад, а йдзѐце за мной усё напе́рад, усё напе́рад!“ Ішлі мы гэтак, ішлі, ажно бачым — не́йкае кругом нас страшэннае балота: гадзіны, вужакі, сьліўні так і капашаць, як у гаршку якім…

ДАНІЛКА. Ай-я-я! Вужакі і сьліўні?!

ЗОСЬКА. Але нас крануць баяцца: ён усё іх сонцам адстрашавае, — толькі сыкаюць і выкручаваюцца. Мінулі мы гэта балота вужачае, ідзём, — ажно ўвыйшлі мы ў цёмны цямнюсенькі, дзікі ле́с. Ве́цер у галінах трашчыць і сьвішча, зьвяр’ё ўсялякае вые, зубамі ляскоча, на нас кідаецца…

ДАНІЛКА. Божухна! Зьвяр’ё ўсялякае. Вось жудасьць! Я, мусіць, памёр-бы там са страху.

ЗОСЬКА. Але крануць ня сьме́юць — ён і іх, — як вужак, — усё сонцам адганяе. Перайшлі мы гэты зьвярыны ле́с, ідзём — ажно ўсходзім на вялікае-вялікае поле пяшчанае — віхор толькі арэ ды барануе, ды толькі дзе-ня-дзе на полі гэтым тырчаць пасохшыя вольхі, ве́рбы, асіны. Па гэтым дзярэўі — з аднаго на другое — пералятаюць птушкі не́йкія чорныя, такія страшныя, жудасна і сказаць! Да нас падлятаюць, распускаюць капцюры,