Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

жыў-бы і жыў на сьве́це больш, як усе́ людзі жывуць, а так няма: усе як ёсьць рана-позна уміралі, уміраюць і ўміраць будуць. Такая ўжо воля Боская.

ДАНІЛКА. Але ўсё такі жывая вада ёсьць, як сабе́, мамка, хочаш! Бо і на што-ж бы ўсе так аб ёй гаварылі? Як я вырасту такі вялікі і дужы, як наш Сымонка, тады пайду з сваёй іскрыпачкай шукаць гэнае крыніцы, а як знайду — сам нап’юся і вас усіх пачастую, і будзем мы жыць і жыць, аж пакуль не памром!

МАРЫЛЯ. Ну, і дагаварыўся! (Пауза).

ДАНІЛКА. Растлумачце мне́, мамка, на што людзі хаты будуюць, а пасьля іх саміж раскідаюць?

МАРЫЛЯ. Будаваць, то самі будуюць, а раскідаюць ня людзі, а іхняя нядоля горкая раскідае.

ДАНІЛКА. Цікавасьць, што гэта такая за паня-горкая нядоля? Для яе́ мушу пашукаць такое вады, ад каторае яна, як вып’е, дык адразу памрэ. Але, папраўдзе кажучы, калі так нядоля раскідае тое, што людзі будуюць, дык на што-ж зусім будаваць? Гэта-ж даліпаначкі, мне́ шмат ляпе́й і выгадне́й вось цяпе́рака на гэтым ламацьці бяз сьце́н і страхі, як было ў хаце! Калі сядзе́ў я ў хаце і майстраваў сваю скрыпачку, то мне́ здавалася, што я сяджу ў не́йкай кле́тцы, адкуль і вырвацца трудна будзе ў сьве́т. А тут — ані воднае загарадкі! Ляці сабе́ куды хочаш, як птушка, і ўсё такое. А гэтая вялікая страха зьле́пленая з не́ба, куды прыгажэйшая, як была наша — саламяная. (Пауза). Ну, вось адна дошчачка як-бы і гатова, цяпе́р будзем рабіць другую. Што-ж гэта я хаце́ў яшчэ папытацца? Ага! Успомніў! Скажэце, мамка, ці далёка гэта кане́ц сьве́ту? Кажуць, міль сто пэўне будзе ад нас, калі не бале́й?

МАРЫЛЯ. Кане́ц сьве́ту там, дзе канец шчасьцю людзкому.

ДАНІЛКА. Э-э! Мамка так гаворыш, што і сам пісар не разьбярэ.