Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

МАРЫЛЯ. Э! начала ўжо плот гарадзіць, каб за ім з сваім бязсорамствам схавацца! Сказала-бы адразу, што прадалася ў злыдневы рукі самахоць і усё тут табе́! Але не! Трэба яшчэ ўсялякай брахнёй мазгі другім марочыць. Маткі, мая родненькая, не ашукаеш.

ЗОСЬКА. Ты, мамка, сама сябе́ ашукаваеш, гэтак думаючы. Усе́ людзі самі сябе́ ашукаваюць, а ім здае́цца, што хто другі таму прычынай. Але кіньма ляпе́й, мамка, гэту спрэчку!.. Гляньце — якое прыгожае не́ба на захадзе! Там, на гэтым не́бе мы калісь жыць будзем. І ня будзе там ні та­кое хаты разваленае, ні людзе́й такіх нягодных: будзе там адзін вялікі дом для ўсіх чыста, а ў ім будуць жыць і іншыя людзі, як тут на зямлі, — будуць усе́ паміж сабой браткі ды сястрыцы род­ныя. Праўда, мамка!

МАРЫЛЯ. Але пакуль табе́ прыдзе́ пара туды ісьці, я цябе́ і твайго гэтага пракляну сваім матчыным словам.

ЗОСЬКА (сашчэпляваючы рукі). Мамачка! Што хочаце рабе́це са мною, толькі яго не чапайце: ён Богу душой вінен, як і я ні ў чым благім ня вінна. Усё гэта няпраўда.

МАРЫЛЯ. А чаму прысягаць не хаце́ла? Га?

ЗОСЬКА. Бо… бо я ня ве́дала і ня ве́даю, што праўда, а што няпраўда, і што грэх, а што ня грэх?

МАРЫЛЯ. То ён чаму сказаў: „позна, цётка!“

ЗОЬСКА. Бо і ён таксама нічога ня ве́дае. (Уходзіць Сымон і Данілка, нясуць з сабой па куску дрэва на крыж і кладуць пасярод сцэны).

ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж і СЫМОН — ДАНІЛКА.

ДАНІЛКА (кінуўшы пале́на). Бяда мне́ з гэтым Сымонам! У мяне свае́ работы гібель, а тут памагай яшчэ яму крыж рабіць. (Садзіцца і возіцца з іскрыпкай).