Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/54

Гэта старонка не была вычытаная

НЕЗНАЕМЫ. Ня бойся, сястра! Я — ліст адарваны з таго самага дзе́рава, што і вы, што і мно­гія міліёны надобных. Ве́цер свабодны прынёс мяне́ сюды, на вашую руіну. Хаце́ў-бы з табой і з братам тваім аб важных справах пагаманіць.

ЗОСЬКА. Я-ж вам казала, што нікога няма дома, а я сама нічога ня ве́даю.

НЕЗНАЕМЫ. І нічога, сястра, ве́даць ня трэба, а што трэба — я скажу, а ты гэта брату перадай… Слухай, сястра! Склікаецца сход вялікі і ўсе́ браты і сёстры павінны на гэны сход зьявіцца.

ЗОСЬКА. Хто склікае?

НЕЗНАЕМЫ. Сам па сабе́ склікаецца. Ніхто ня ве́дае ад каго наказ такі выйшаў, а ўсе́, дзе толькі кліч дабег, уздымаюцца і йдуць, як мурашкі йдуць!

ЗОСЬКА. А калі хто ня пойдзе?

НЕЗНАЕМЫ. Хто самахоць ня пойдзе, над тым пракляцьце завісьне, бо на сходзе жыцьцё міліёнаў будзе важыцца, а ў такіх вялікіх справах і адзін чалаве́к можа сабой сюды ці туды перацягнуць.

3ОСЬКА. То і я мушу ісьці на гэны сход?

НЕЗНАЕМЫ. Але, сястра! Толькі старцы і дзе́ці ад яго звольнены.

ЗОСЬКА. А куды ісьці?

НЕЗНАЕМЫ. Сумле́ньне і жаданьне сабе́ і другім шчасьця дарогу табе́ пакажа. У гэтым вяночку ідзі! Толькі трэба ісьці не азірацца, бо хто азірне́цца — у слуп сьпячы заме́ніцца, каторага і пяруны пасьля з ме́йсца ня зрушаць!

ЗОСЬКА. Та-а-к! Я пайду, я мушу куды не́будзь ісьці адгэтуль; тут так страшна, так страшна!

НЕЗНАЕМЫ. Ідзі, сястра! і брата за сабою вядзі, а я тымчасам к другім пайду кліч клікаць.

ЗОСЬКА. Я скажу Сымону. Толькі, мусіць суд наш пакуль не адбудзецда, ён ня пойдзе на ніякі сход, пэўне, што ня пойдзе.

НЕЗНАЕМЫ. Але пасьля суду хай прыходзе! Дый яшчэ буду ў вас.