Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/70

Гэта старонка не была вычытаная

аж надта можа! Усё-ж роўна мы яму шукаць не памагаем.

МАРЫЛЯ. Казаў-жа, што ўжо на сьле́д напаў, і скора ўсё скончыцца. Неўзабаве ўсю гаспадарку да ладу прывядзе́.

ДАНІЛКА. Чакай баба Пятра — будзеш сыр е́сці! Яму ў галаве́ усё да гары нагамі перавярнулася, а мы слухаць мусім і чакаць не́йкае злыбяды, апошняга канца свайго.

МАРЫЛЯ. Ну, а Зоська?..

ДАНІЛКА. Я Зоську ўгавару, і яна пойдзе з намі. Даліпан — пойдзе! Я зайграю ёй тую музыку, што паніч высьвіставаў, як у нас быў, — яна заслухаецца і пойдзе аж міла, куды я толькі з іскрыпачкай пайду.

МАРЫЛЯ (глуха). Куды-ж мы пойдзем? З чым? Па што?

ДАНІЛКА (горяча). Самі з сабой пойдзем: ты з малымі, я — з іскрыпачкай. У сьве́т, мамачка, па хату і хле́б пойдзем. Я буду іграць, ты пяяць, а ма­лыя сваім плачам памагаць нам будуць. І такую вандроўку пачнём, якая яшчэ нікому і ня сьнілася! Ад вёскі да вёскі пойдзем, ад двара да двара — аж у вялікі горад зойдзем, кажуць ёсьць такія гарады, ці ме́сты, дзе дамы ўсе́ чыста, як пе́чы — з цэглы мураваныя, а народу там шмат, шмат! Цэрквы там золатам пакрыты, а ў цэрквах вялікія і мале́нькія Божанькі стаяць і вісяць. Дарагое каме́ньне з іх адзе́жак і каронаў так і капае на зямлю, буйна, як сьлёзы падчас, ці град з не́ба. А народ к ім, гэтым Божанькам ідзе́ і йдзе́, як вада плыве́. Ад усялякіх болесьцяў выле́чываюцца, ад няшчасьцяў збаўляюцца, долю сабе́ ле́пшую вымаліваюць. Такія там, кажуць, мамачка, цуды творацца. (Цалуючы рукі Марылі). Дык уцякайма адгэтуль, мамачка! Там будзе нам усім хораша і ве́села. Уцякайма! Ды на што-ж ты, мамка, торбачкі шыла?!