Старонка:Раскіданае гняздо (1919).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

ДАНІЛКА. Мусіць добра жыць на гэтым сьве́це вялікім? Я ўжо мамцы казаў, што добра.

СТАРАЦ. Там добра, дзе нас няма. Але мне, у маім жабрачым палажэньні, усюды ня ке́пска. Што мне́ там, сынку, нягоднага можа быць? Ідзі сабе́ куды вочы глядзяць, ані мне́ хата свая затрымлівае, ані мяне́ радня зьвязавае, ані мяне́ зяме́лька свая к сабе́ цягне.! Цэлы сьве́т — хата мая, усе́ людзі — радня мая, уся зяме́лька — поле маё роднае. Усюдах што колечы ды сваё знаходжу: ці кусочак хле́ба, ці куток цёплы для начле́гу, ці толькі так добрае слова — і за гэта дзякую Богу! Іду сабе́ ды йду. Ні над чым не трасуся, нічога бараніць ня маю: усё багацьце са мною ў гэтых торбах — гэтыя акрайчыкі хле́ба, ды часам які кусочак сыра, ці сала. І што бале́й трэба мне́? Добра мне́ так. Смачна е́м, спакойна сплю. Ве́даю, што не акрадзе́ мяне́ злодзей, не аграбе разбойнік. Усюдах ласку мою — за душачкі жывыя і змарлыя маліцца просяць. Ве́дама, ня ўсе́ мяне́ ахвотна прыймаюць і любяць мяне́, але гэта найбале́й такія, дзе сабак многа і дворні ўсялякае, — туды-ж і заходзіць я не стараюся. А так — усюдах добра на сьве́це, мой сынку, усюдах!

МАРЫЛЯ. Мо’ і праўду, дзе́дка, кажаш, што табе́ ня цяжка жыве́цца на гэтым сьве́це, але ў нас тутака дужа дрэнна. Як пайшло ад вясны няшчасьце за няшчасьцем, дык і радачкі з нікуль ніякае нямашака.

СТАРАЦ. Ве́даю, пані гаспадыня, ве́даю.

МАРЫЛЯ. Як бачыце — хату нашу раскідалі. Лявонка мой — як табе́ ўжо Данілка казаў — не перажыў, ве́чны пакой, гэткае несправядлівасьці, і рукі без пары сам на сябе́ налажыў.

СТАРАЦ. Ве́даю! Важны чалаве́к быў — гаспадарны і справядлівы быў. Колькі раз я не захадзіў, заўсёды вока на мяне́ добрае ме́ў. Ве́чнае яму спачываньне і няхай зяме́лька для яго ле́ганькай будзе, а Бог найвышэйшы пляму з яго душачкі здойме, што налажыў сам на яе́ з роспачы.