я, яго зорка нябе́сная, к яму не падыйду. Ужо іду, ужо іду, маё сонейка мілае! (Падыйходзе і абыймае дзе́рава, прытуліваючы твар свой к яму). Выбачай, саколік, што так позна прыйшла я к табе́ сягоньня! Вялікую дарогу мусіла перабыць. Гадзіны на мянѐ сыкалі, ваўкі вылі, начніцы і совы пужалі, але прыцягнулася к табе́. Ночка ўжо мінулася і Божы дзяне́к, бачыш, кругом зіяе. Прытулі-ж мяне́ к сабе́, добры мой кярале́вічу! Сагрэй мае́ грудзі дзявочыя: яны ве́льмі азяблі — халодна ўжо, бачыш стаяовіцца на сьве́це! Не гані мяне́ ад сябе́, як той мяне́ адагнаў і сам за мора ўцёк. Ты інакшы! Ты хоць і той, але ня той. У цябе́, чую, сэрца б‘е́цца, а ў таго ў грудзёх не́йкі камень хрусьце́ў; у цябе́ вочкі, як зоркі, сьве́цяцца, а ў таго, як галодныя вужакі паглядалі; твае́ ручкі абыймаюць, як матка дзіцянётка ў калысцы абыймае, а той як зяле́знымі абцугамі сьціскаў мянѐ; той гаварыў, то як крумкач над непахаванымі касьцямі крумкаў, а твой голас ліе́цца, як на жале́йцы пе́сьня вясною… Прытулі-ж мяне́, саколе мой любы, і не выракайся бале́й карале́ўны свае́! (Апускаецца каля дзе́рава і задумаўшыся сядзіць пры ім).
СТАРАЦ. Пайду я ўжо ад вас, добрыя людзі. Вялікім горам і зьніштажэньнем кожны тут куток ваш напоўнен. Шчасьліве́йшую долечку пашлі вам, Божа! Бывайце здаровы! Слава Хрысту!
ДАНІЛКА (усхапіўшыся). Дзе́дачка, забірайце і мяне́ з сабой! А то яшчэ раз як здарыцца гэтакая ночка з пажарам, то я зусім памру з страху.
СТАРАЦ Як хочаш, сынку мой. Ме́йсца хопе нам. Можаш ісъці.
МАРЫЛЯ. Не адходзьце, дзе́дка! Надумалася і я ўжо: пойдзем усе́ з табой. Сілачкі мае́ не хапае дале́й тут гібе́ць.
СТАРАЦ. Добра, пані гаспадыня! Добра! І табе́ ме́йсца мала ня будзе.
МАРЫЛЯ (да дзяце́й). Ну, дзе́ткі! Пара зьбірацца ў дарогу! Дзе толькі торбачкі? (Находзе торбы і начэплівае іх дзе́цям, Данілку і сабе́; старац памагае).