ён у горад О… дзе мы разлучыліся з ім, і куды мы просім цяпер прыхільнага чытача звярнуцца разам з намі.
На другую раніцу, пасля апісанага нам дня, гадзіне а дзесятай, Лаўрэцкі ўзыходзіў на ганак Каліцінскага дома. Яму насустрач вышла Ліза ў капелюшы і пальчатках.
— Куды вы? — спытаў ён яе.
— Да абедні. Сёння нядзеля.
— А хіба вы ходзіце да абедні?
Ліза моўчкі, з здзіўленнем, паглядзела на яго.
— Прабачце, калі ласка, — праказаў Лаўрэцкі: — я… я не тое хацеў сказаць, я прышоў развітацца з вамі. Я праз гадзіну еду ў вёску.
— Але-ж гэта адсюль недалёка? — запытала Ліза.
— Вёрст дваццаць пяць.
На парозе дзвярэй з‘явілася Леначка ў суправаджэнні пакаёўкі.
— Глядзіце, не забывайцеся пра нас, — прамовіла Ліза і спусцілася з ганка.
— І вы не забывайцеся на мяне. Ды паслухайце, — дадаў ён: — вы ідзеце ў царкву: памаліцеся да рэчы і за мяне.
Ліза спынілася і абярнулася да яго.
— Калі жадаеце, — сказала яна, проста гледзячы яму ў твар: — я памалюся і за вас. Пойдзем, Леначка.
У гасцінай Лаўрэцкі застаў Мар‘ю Дзімітраўну адну. Ад яе пахла адэкалонам і мятай. Ёй, па яе словах, балела галава і ноч яна правяла непакойна. Яна прыняла яго з звычайнай сваёй томнай ласкавасцю і пакрыху разгаварылася.
— Ці-ж няпраўда, — спытала яна яго: — які Владзімір Нікалаіч слаўны малады чалавек!