яму пазычала, ён з той-жа ўсмешачкай і тым-жа голасам адказваў (няшчасны!): „Je crois bien[1]“ і нават не: „je crois bien“ а — „j‘crois ben!“
Варвара Паўлаўна кінула на яго прыхільны погляд і ўстала. Ліза ўвайшла; Марфа Цімафееўна дарэмна яе затрымлівала: яна наважылася вытрымаць іспыт да канца. Варвара Паўлаўна пайшла ёй насустрач разам з Паншыным, на твары якога з‘явіўся ранейшы дыпламатычны выгляд.
— Як ваша здароўе? — запытаў ён Лізу.
— Мне лепей цяпер, дзякую, — адказала яна.
— А мы тут крыху заняліся музыкай; шкада, што вы не чулі Варвары Паўлаўны. Яна спявае надзвычайна, en artiste consommée[2].
— Падыйдзіце сюды, ma chére[3], — пачуўся голас Мар‘і Дзімітраўны.
Варвара Паўлаўна зараз-жа з пакорлівасцю дзіцяці падышла да яе і прысела на невялікі табурэт каля яе ног. Мар‘я Дзімітраўна паклікала яе для таго, каб пакінуць, хоць на момант, сваю дачку сам-на-сам з Паншыным: яна ўсё яшчэ потай спадзявалася, што тая апамятаецца. Апрача таго, ёй у галаву прышла думка, якую ёй абавязкова захацелася зараз-жа выказаць.
— Ведаеце, — шапнула яна Варвары Паўлаўне: — я хачу паспрабаваць пагадзіць вас з вашым мужам; не адказваю за поспех, але паспрабую. Ён мяне, вы ведаеце, вельмі паважае.
Варвара Паўлаўна павольна ўзняла вочы на Мар‘ю Дзімітраўну і прыгожа склала рукі.
— Вы былі-б маёй збавіцелькай, ma tant[4], — прагаварыла яна сумным голасам: — я не ведаю, як