Наталья адвярнулася крыху ад Рудзіна. Яна зусім збянтэжылася.
— Хіба ён не кахае вас? Што вы! Ён не зводзіць з вас вачэй, сочыць за кожным вашым рухам; ды і, нарэшце, хіба можна схаваць каханне! І вы самі хіба непрыхільны да яго? Наколькі я мог заўважыць, і мацеры вашай ён таксама падабаецца... Ваш выбар...
— Дзімітры Нікалаіч, — перапыніла яго Наталья, у смутку працягваючы руку да бліжэйжага куста; — мне, сапраўды, так непрыемна гаварыць пра гэта, але я вас завяраю... вы памыляецеся.
— Я памыляюся? — паўтарыў Рудзін. — Не думаю... Я з вамі пазнаёміўся нядаўна, але я ўжо добра вас ведаю. Што-ж значыць перамена, якую я бачу ў вас, бачу выразна? Хіба вы такая, якою я застаў вас шэсць тыдняў назад!.. Не, Наталья Алексееўна, сэрца ваша не спакойна.
— Можа быць, — адказала Наталья, ледзь чутна: — але вы ўсё-ж такі памыляецеся.
— Як гэта? — спытаў Рудзін.
— Пакіньце мяне, не пытайце мяне! — адказала Наталья і хуткімі крокамі накіравалася да дому.
Ёй самой зрабілася страшна ўсяго таго, што яна раптам адчула ў сабе.
Рудзін дагнаў і спыніў яе.
— Наталья Алексееўна! — загаварыў ён: — гэтая размова не можа так скончыцца: яна вельмі важна і для мяне... Як мне зразумець вас?
— Пакіньце мяне! — паўтарыла Наталья.
— Наталья Алексееўна, на ўсё святое!
На твары Рудзіна выявілася хваляванне. Ён збляднеў.
— Вы ўсё разумееце, вы і мяне павінны зразумець, — сказала Наталья, вырвала ў яго руку і пайшла, не азіраючыся.