Балюча, ня можна апхапіць кволым вухам, балюча і ціха, безнадзейна…
А месічна… Са ўсіх бакоў, са ўсіх бакоў апхапіла спакойна-прычэпная, пільная ў нявідзімым апхапленьні, срэбраная, а нэрвуючая, калі німа куды іці, месічнасць.
І тады было бела-ядрэна, і цяпер… І тады было бела-срэбрана, і цяпер… Які чароўны галасок быў у Ядзі… Лічка яе, ручкі яе…
Не, не… ён быў алавяны. І цяпер ён алавяны…
Німа таго, гдзе яно? Гдзе жывуць тые думкі? Куды яны дзяюцца?
Сьпіць за возерам панскі фальварак, хаты сьпяць…
Толькі вартаўнік: «Ляп!» маўчыць…—«Ляп!» маўчыць… Далёка…
Цэліўся, цэліўся, навёў на сярэдзіну, падняў вышэй.
Абурэньне пацішэла, калыханьне—ваўнаваньне праходзіць… Ціхая дасада на зморэным серцы.
— «Што там на ём? Горы, сьцені, ці Каін з вядром густа-чорнай, запечэнай крыві Авэля? Што там?»
Рука бяз сілы апала, стрэльба старая, дрэнкая, дзядоўская звалілася на землю.
Мімаволі сеў на землю, сагнуўся, скорчыўся…
Схапіў галаву у далоні, падабраў пад сябе ногі, рачыком лежаў на траве, глытаючы нешта горкае-абіднае, што паткацілася к глотцы, і пачуваючы цёплые, сьмешные сьлёзы на вачох, шэптаў, зломаны нясходанымі сіламі:
— Што тама? А? Што там?