адным вокам зірнуць на той бок заслоны! Яму адзін шлях к разгадцы, шлях страшны і, глаўнае, ня пэўны, ня пэўны шлях, і гэты шлях — сьмерць».
Закурыў другую папіроску.
«І то йшчэ дзіва: ніхай бы людзі дэлікатные, чуткіе, не запрацаваные ат цяжкае працы, ніхай бы яны гібелі ад гэткай мукі; дык не, дык жа народ просты, народ, катораго лаюць «цёмным», чаго ён, гэты шэры, аднатонны народ, па глухіх куткох, у лясох сваіх, сярод балот і пнёў, чаму ён мучыўся і мучыцца ат тэй жа болькі?»
Архіп зачыніў вакно. Яго пачынаў ужо марыць сон. А усё думалася: «Нічога ня ведаем, ня ведалі і ведаць ня будзем…» Сэрцэ пачнець біцца дужэй і сьціхніць, а нешта чорнае, вялікае ставіць прад вачамі, нейкіе узоры мітусяцца, і так добра, ладна лежаць. Навука, чэрці, зданьнё… Нічога ня ведаем… Бог, чэрці, душы… Ня ведаім…
І Архіп заснуў.
І на дварэ глуха грукатаў гром і бліскала, то й глядзі, малання. Зьбіралася бура. Яблынкі гальлём: «шу-шу-шу…» — ціхенька шумелі.
Архіп спаў.
V
Лес гулка гаманіў. Макухі дрэў трывожна, неспакойна так нахілялісь то дужа хутка, то паважна адна к другой і шэпталі нешта сваё, лесавое. Дарожка паміж густых елак ўсё вузела і вузела, а ні прайці, а ні пралезці, а ні прадрацца праз калючые зялёные йголкі.