— Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй! Госпадзі, памілуй! — шэпчыць Янка, узіраючыся ў цемень лесавую; ня хочыць ён думаць аб нечысьці паўночнай, паціху шчупаіць кійком дарогу перад сабою, ступаіць нячутна, але каб скарэй. А валасы на лбе мокры і сьцюдзёны.
— Дай, Божачка, толькі акопы мінуць. Толька акопы, акопы…
∗ ∗
∗ |
А тые акопы зьнямеўшы сьпяць у чорнай цьме.
Каб ня мова людзкая, дык ніхто б і ня ведаў, што калісьці тут слаўнае Замчышчэ князёў Соломерэцкіх было, жыцьцё кіпела. Грымелі гарматы, курыўся дым ад пораху і лілася чэлавецкая кроў. А ў сьвяты вялікіе хмель-віно ў чарах пянілася, ігралі гусьлі-самагуды, пеялі старэцкіе ліры, стогн стаяў ад гоману людзкога і многа-чаго дзеялася, што ўжо навекі пахавана для пазьнейшых часаў.
Высака дзержалі князі Соломерэцкіе знамя зямелькі свае, знамя бела-чорна-чырвонае, не згібалі галавы прад цяжкаю сілай Маскоўшчыны, не хіліліся і прад хітраю прычэпкаю — Польшчаю…
А цяклі часы, ўпадалі на сілу магутные і нечэканна ўзнасіліся ў гару непрыметные, уміралі князі слаўные, выраджаўся князёўскі род. Памёр маўчлівы сівавусы Мсціслаў, і асталася на ўвесь род адна наследніца — дачушка яго дрыжоная, ненадзейная княжана Ганначка.
Прыгожая яна, як краска Божая, а розум дзявоцкі і сэрцэ мела дзявоцкае…