І не пасьпелі яшчэ паслы адпачыць пасьля першага дзяржаўнага конфлікту, як выбух другі.
Адны кажуць: устаўляць!
Другія адказваюць: не ўстаўляць!
Адны кажуць: людзі сьмяяцца будуць.
Другія адказваюць: затое ў пер‘ях хадзіць будзем!
Справа ў тым, што ўрадавыя колы рашылі завесьці форму для дзяржаўных чыноўнікаў.
Па гэтаму проекту адказны чыноўнік павінен будзе ў шапцы насіць два страусавыя пёркі, менш адказны чыноўнік — адно, але затое белае страусавае пяро, а „колескія рэгістратары“ адно ды і тое чорнае…
Вядома, колескія рэгістратары запротэставалі:
— Чаму, — кажуць, — гэткая несправядлівасьць, адным будуць устаўляць па два пёркі і абодвы белыя, а нам уставяць адно ды і тое чорнае…
А міністр асьветы, кажуць, патрабаваў дадаткова, каб да пер‘яў яму яшчэ дазволілі ўставіць асьліны хвост.
— Для намёку, — кажа, — мне гэта патрэбна. Каб усе бачылі, што я асьветаю кірую, школы зачыняю і наогул…