Я зноў у вёсцы…
Ружай пунсавее
На захадзе марозная зара.
На тысячу гітар вясёлыя завеі
Зьвіняць над стрэхамі астыглага двара.
У хаце пыл…
У хаце многа лому…
Скрыпіць мароз у сьлясакох дзьвярэй…
Пятух малоціць цёртую салому
І корміць зернямі прысядзістых курэй.
У сэрцы сум…
І слодыч успамінаў…
Люблю драмаць пад шум верацена…
Люблю як чэшуць голую асіну
Марозныя вятры ля цёмнага вакна.
Але любіць,
Любіць з такім запалам
Ўсё тое, што любіў, я болей не магу…
.............
Зара пунсовай дрожжу дагарае
На мармурова срэбрыстым сьнягу.
|