Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/149

Гэта старонка не была вычытаная

дзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Таму ідзеце, навучайце ўсе народы, хрэсьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што я загадаў вам. Хто ўверуе і ахрысьціцца, спасёны будзе; хто-ж ня ўверуе, засуджаны будзе. Для ўвераваўшых будуць гэтыя знаменьні (чуды): імем Маім дэманаў выганяцімуць, новымі мовамі гаварыць будуць, зьмеяў браць будуць, і калі-б што сьмяротнае выпілі — не зашкодзіць ім, паложаць рукі на хворых, і тыя здаровымі будуць».
Вялікі страх агарнуў Апосталаў, калі яны пачулі гэты наказ: Гасподзь гаварыў аб сваёй уладзе ня толькі на зямлі, але і на небе; Гасподзь надзяляў іх такою вялікаю сілаю; напасьледак, Гасподзь пасылаў іх — бедных, простых, неадукаваных людзей, мо’ ніколі не пераступаўшых межаў свайго краю, — пасылаў навучаць словам Евангельля «ўсе народы». Ня дзіва, што іх апанаваў страх і замяшаньне. Аднак Гасподзь тут-жа заспакоіў іх абяцаньнем: „Я буду з вамі ўва ўсе дні да сканьчэньня веку. Амінь».
Апрача гэтага зьяўленьня, Гасподзь зьявіўся яшчэ Апосталу Якаву, як аб гэтым успамінае Апостал Павал (I Кар. XV, 7), хаця калі і дзе зьявіўся — няведама.
Адыходзячы Гасподзь загадаў Апосталам сабрацца ў Ерусаліме і там чакаць, пакуль не агарнуцца сілаю звыш.

87. Узьнясеньне Госпада на неба (Ушэсьце).

Мрк. XVI, 19; Лук. XXIV, 49—53; Дзеян. I, 1—26.

У 40 дзень па ўваскрасеньні Госпада Апосталы былі ўсе сабраныя ў аднэй Ерусалімскай сьвятліцы. Раптам паміж імі стаў Гасподзь, вітаючы, як заўсёды, словамі: «Мір вам». Пачалася (апошняя) разьвітальная гутарка. Гасподзь паўтарыў перад імі ўсё Сваё вучэньне і паказаў, як споўніліся на Ім усе праракаваньні Старога Завету — ўсё, што напісана аб Ім „у законе Майсея, у прарокаў, і у псалмох“.