Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

Тым часам каля дому, дзе знаходзіліся Апосталы, сабраўся нязьлічоны натоўп людзей, якіх прыманіў сюды чуты шум. У натоўпе было з розных краінаў шмат чужаземцаў, прыйшоўшых у Ерусалім адны — дзеля малітвы, другія — дзеля гандлю падчас сьвята (былі з Парфіі, Мідыі, Фрыгіі, Лівіі, Эгіпту, Аравіі, Крыту і іншых). Калі Апосталы выйшлі да народу і пачалі гаварыць да ўсіх на розных мовах, дык гэта выклікала вялікае зьдзіўленьне, бо Галілейскія рыбаловы былі ведамы ўсім, як людзі простыя, неадукаваныя, якія маглі гаварыць толькі сваёю роднаю моваю. Тыя з натоўпу, якія ня ведалі Апосталаў, пачалі сьмяяцца над імі, кажучы, што яны ўпіліся маладым віном. Тады да ўсіх зьвярнуўся Апостал Пётр і сказаў: «Мужы юдэйскія! і ўсе жыхары Ерусаліму! Няхай будзе вам гэта ведама і выслухайце словы мае: яны (Апосталы) ня п’яныя, як думаеце, бо яшчэ толькі трэцяя гадзіна дня. А ёсьць тое, што сказана прарокам Іоілем: „І будзе ў апошнія дні, кажа Бог, выльлю Духа Майго на кожную істоту, і будуць прарочыць. Мужы Ізраільскія! выслухайце словы гэтыя. Іісуса Назарэя — мужа, праслаўленага між вамі ад Бога сілаю і чудамі, якія тварыў праз Яго Бог сярод вас, як і самі вы ведаеце, — Яго вы ўзялі і, рукамі беззаконных прыбіўшы гваздамі, забілі… Вось яго Бог уваскрасіў, вызваліўшы з мукаў сьмерці, і ўсе мы сьведкі гэтага. Вось узьнесёны сілаю Бога дый узяўшы ад Айца абяцаньне Духа Сьвятога, Ён падаў тое, што цяпер бачыце і чуеце. Няхай жа цьвёрда ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог зрабіў Госпадам і Хрыстом Яго, гэтага Іісуса, Якога вы расьпялі“. Гарачая прамова Апостала Пятра ўзварушыла ўвесь народ, і многія пыталіся ў Яго і іншых Апосталаў: «Што нам рабіць, мужы-браты?» Тады Пётр сказаў ім: „Пакайцеся, ды няхай кожын з вас ахрысьціцца ў імя Іісуса Хрыста дзеля адпушчэньня грахоў, і атрымаеце дар Духа Сьвятога“. І прынялі словы Яго, і хрысьціліся. У той дзень далучылася да Апосталаў каля трох тысяч людзей. І разьнясьлі яны вестку аб усім, што бачылі і чулі, ва ўсе канцы сьвету.