Старонка:Сьвяшчэнная гісторыя Новага Завету (1936).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

але б’ючы сябе ў грудзі, гаварыў: „Божа, будзь міласьцівы да мяне грэшнага!“ Канчаючы гэтую прыповесьць, Іісус Хрыстос дадаў: „Кажу вам, што гэты пайшоў апраўданы болей, чымся той: бо ўсякі, хто сябе вывышшае, будзе паніжаны, а паніжаючы сябе ўзвысіцца“.
Гэтаю прыповесьцю Іісус Хрыстос паказаў нам, што Бог прыймае толькі малітву шчырую, якая йдзе ад сэрца, пакорную, калі чалавек сьвядомы сваіх грахоў і разлічвае дзеля спасеньня толькі на помач Божую; такая малітва ўзапраўды ўзнаўляе і ўзвышае душу і прыбліжае яе да Бога. А ёсьць малітва вонкавая, на паказ, гордая, калі чалавек, падобна да фарысэя, пэўны сябе, што ён праведны перад Богам, моліцца толькі, каб людзі бачылі і ўслаўлялі яго відочную праведнасьць. Такая малітва ня ёсьць запраўдная малітва. Яна не даходзіць да Бога. Яна выклікае жорсткасьць у сэрцы чалавека і адхіляе яго ад Бога.

48. Багаславеньне дзяцей.

Мат. XIX, 13—15; Мрк. X, 13—16; Лук. XV, 15—17.

Аднаго разу, калі Іісус Хрыстос вучыў народ, да Яго праціскаліся праз натоўп жанчыны з дзяцьмі, каб ён дакрануўся да іх і ўсклаў на іх рукі. Вучні Яго, бачачы гэта, забаранялі ім, каб дзеці ня трывожылі Госпада. Але Іісус Хрыстос абурыўся на вучняў і, паклікаўшы дзяцей, сказаў: «Пусьцеце дзяцей прыходзіць да мяне, і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае. Запраўды кажу вам: хто ня прыйме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго». І абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
Чым дзеці заслужылі ласку Госпада і абяцаньне Царства Божага? Толькі за свае чыстыя, беззаганныя сэрцы. І ўсякі, хто шукае Царства Божага, павінен мець, падобна да дзяцей, чыстае, незласьлівае сэрца.