Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

п’есу прыметны асабісты адбітак. Формы, у якія пасьпела адліцца музыкальнае пачуцьцё Пётры, былі якраз тыя, у якіх яму першы раз зьявілася мэлёдыя, у якія адлівалася затым ігра яго маці. Гэта былі формы народнае музыкі, якія зьвінелі заўсёды ў яго душы, якімі гаварыла гэтай душы родная прырода.

І цяпер, калі ён іграў нейкую італьянскую п’есу з дрыжачым сэрцам і перапоўненай душою, дык у яго ігры з першых-жа акордаў сказалася нешта да гэткае ступені сваявобразнае, што на тварах пастароньніх слухачоў зьвялілася зьдзіўленьне. Аднак-жа, праз колькі мінут ачараваньне апанавала ўсіх безразьдзельна, і толькі старшы з сыноў Стаўручэнка, музыка па прафэсіі, доўга яшчэ ўслухваўся ў ігру, стараючыся ўлавіць знаёмую п’есу і аналізуючы сваявобразную манеру піяністага.

Струны зьвінелі і гуркаталі, напаўняючы салён і разносячыся па сьціхшым садзе… Вочы ў моладзі зіхацелі ажыўленьнем і цікавасьцяй. Стаўручэнка-бацька сядзеў, спусьціўшы голаў, і маўкліва слухаў, але пасьля пачаў натхняцца ўсё больш і больш, паштурхваў Максіма лакцём і шаптаў:

— Вось гэты грае, дык ужо грае. Што? Ці праўду я кажу?

Па меры таго, як гукі расьлі, стары спрэчнік пачаў успамінаць штосьці, мусі сваю моладасьць, таму што вочы яго заіскрэлі, твар пачырванеў, увесь ён выпрастаўся і, крыху падняўшы руку, хацеў нават стукнуць кулаком па стале, але ўстрымаўся і апусьціў кулак бяз ніякага гуку. Аглядзеўшы сваіх малайцоў быстрым паглядам, ён пагладзіў вусы і, нахіліўшыся да Максіма, прашаптаў:

— Хочуць старых нас у архіў… Брэшуць!.. У свой час і мы з табою, браціку, таксама… Дый цяпер яшчэ… Праўду я кажу, ці не?