Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/103

Гэта старонка не была вычытаная

Максім, даволі роўнадушны да музыкі, гэтым разам адчуваў нешта новае ў ігры свайго гадунца і, абкружыўшы сябе стаўпамі дыму, слухаў, махаў галавою і пераводзіў вочы з Пётры на Эвэліну. Яшчэ раз нейкі парыў непасрэднае жыцьцёвае сілы ўрываўся ў яго сыстэму ня так, як ён думаў… Анна Міхайлаўна таксама кідала на дзяўчыну пытальныя пагляды, пытаючыся ў сябе: што гэта, — шчасьце ці гора зьвініць у ігры яе сына… Эвэліна сядзела ў цені ад каўпака, і толькі яе вочы, вялікія і пацямнеўшыя, выдзяляліся ў паўзмроку. Яна адна разумела гэтыя гукі пасвойму: ёй чулася ў іх зьвіненьне вады каля старых шлюзаў і шэпт чаромхі ў пацямнеўшай алеі.


ХІ.

Мотыў даўно ўжо зьмяніўся. Кінуўшы італьянскую п’есу, Пётра аддаўся свайму ўяўленьню. Тут было ўсё, што тоўпілася ў яго ўспаміне, калі ён, за мінуту перад гэтым, моўчкі і спусьціўшы голаў, прыслухваўся да ўражаньняў з перажытага мінулага. Тут былі галасы прыроды, шум ветру, шэпт лесу, плёхат ракі і няясны гоман, што заціхаў: у невядомай далечыні. Усё гэта спляталася і зьвінела на фоне таго асаблівага глыбокага і расшыраўшага сэрца адчуваньня, якое выклікаецца ў душы таямнічым гоманам прыроды і якому так трудна падшукаць сапраўднае азначэньне… Туга?.. Але чаму-ж яна гэткая прыемная?.. Радасьць?.. Але чаму-ж яна гэтак глыбока, гэтак бесканечна сумная?

Часамі гукі мацнелі, вырасталі, крапчэлі. Твар музыкі рабіўся дзіўна строгім. Ён як быццам сам зьдзіўляўся ад новае і для яго сілы гэтых неспадзяваных мэлёдыяў і чакаў яшчэ чагосьці… Здавалася, што вось-вось некалькімі ўдарамі ўсё гэта сальецца ў стройны ручай магутнае і распрыго-