нымъ концѣ незаводная и вѣчная слава вовѣки аминь”…
— Пліта даволі шырокая, — сказаў хтосьці. — Можа быць, што яны ляжаць тут абодва…
— Але, сапраўды, але надпісы зьедзены мохам… — Гляньце, вось на версе булава й бунчук. А далей усё зялёнае ад лішаёў.
— Пастойце, — сказаў Пётра, слухаўшы ўвесь расказ з захопным неспакоем.
Ён падыйшоў да пліты, нагнуўся над ёю, і яго тонкія пальцы ўпіліся ў зялёны слой лішайнікаў на паверхні пліты. Праз яго ён абмацваў цьвёрдыя выступы каменя.
Гэтак ён сядзеў з мінуту, з паднятым тварам і стуленымі бровамі. Пасьля ён пачаў чытаць:
… „Игнатій прозваніемъ Карій… року божого… пострѣленъ изъ сайдака стрѣлою татарскою”…
— Гэта і мы маглі яшчэ разабраць, — сказаў студэнт. Пальцы сьляпога, нэрвова напружаныя і сагнутыя ў суставах, спушчаліся ўсё ніжэй.
— „Котораго убивши“…
— „Сила поганьская“… — жвава падхапіў студэнт, — гэтыя словы стаялі ў апісаньні сьмерці Юрка… значыцца, праўда: і ён тутэка пад аднэй плітаю…
— Але, — „сила поганьская“, — прачытаў Пётра, — далей усё зьнікла… пастойце, вось яшчэ: „порубанъ шаблями татарскими“… здаецца, яшчэ нейкае слова… але не, больш нічога не захавалася.
Сапраўды, далей усякая памяць аб бандурыстым гублялася ў шырокай язве паўтараставяковай пліты…
Некалькі сэкундаў панавала глыбокае маўчаньне, што парушалася толькі шорхатам лісьцьця. Яно было перарвана працяжным малітвеным уздыхненьнем. Гэта Астап, гаспадар левады і ўласьнік па праву даўнасьці апошняй дамавіны