Сьляпы званар замкнуў дзьверы… Сьвятло зьнікла і толькі праз нейкі час Анна Міхайлаўна, палахліва стаяўшая ўнізе, пакуль моладзь, піхаючыся, паднімалася па закрутах сходаў, магла разглядзець цьмяную струйку слабога сьвятла, якое лілося з нейкае шчыліны ў тоўстым муры. Проці гэтага праменьчыка слаба сьвіцелася некалькі запыленых, няправільнае формы каменяў.
— Дзядзько, дзядзечка, пустыць, — пачуліся з-за дзьвярэй тонкія дзіцячыя галасы. — Пустыць, дзядзечка, добры!
Званар злосна кінуўся да дзьвярэй і шалёна застукаў кулакамі па жалезнай абіўцы.
— Пашлі, пашлі, праклятыя… Каб вас громам забіла, — крычаў ён, хрыпячы і неяк захо- дзячыся ад злосьці…
— Сьляпы чорт, — адказала раптам некалькі звонкіх галасоў, і за дзьвярыма пачуўся быстры тупат дзесятка босых ног…
Званар прыслухаўся і аддыхаўся.
— Пагібелі на вас няма… на праклятых… каб вас усіх перадушыла хвароба… Ох, Госпадзі! Госпадзі ты, Божа мой! Вскую мя осшавилъ еси… — сказаў ён раптам зусім іншым голасам, у якім чулася роспач спакутаванага і глыбока змучанага чалавека.
— Хто тут?… Чаго застаяўся? — востра спытаўся ён, натрапіўшы на Анну Міхайлаўну, застыўшую каля першых ступенькаў.
— Ідзеце, ідзеце. Нічога, — дадаў ён мягчэй. — Пастойце, трымайцеся за мяне… Ахвяра з вашага боку званару будзе? — ізноў спытаўся ён ранейшым, няпрыемна лісьлівым тонам.
Анна Міхайлаўна выняла з партаманэта і ў цемнаце падала яму паперку. Сьляпы шпарка выхапіў яе з выцягненае да яго рукі і, пад цьмяным променем, да якога яны ўжо пасьпелі падняцца, яна бачыла, як ён прылажыў паперку да