— Ды з гэтым… на званіцы…
Максім злосна стукнуў куляю.
— Якое пракляцьце быць бязногаю калодаю! Ты забываеш, што я ня лажу па званіцах, а ад бабаў, відаць, не даб’ешся толку. Эвэліна, папрабуй хоць ты сказаць разумна, што-ж там такое было на званіцы?
— Там, — ціха адказала, таксама пабялеўшая за гэтыя дні дзяўчына, — ёсьць сьляпы званар… І ён…
Яна супынілася. Анна Міхайлаўна затуліла далонямі гарэўшы твар, па якім цяклі сьлёзы.
— І ён вельмі падобны да Пётры.
— І вы мне нічога не сказалі! Ну, што-ж далей? Гэта яшчэ ня прычына для трагэдыяў, Аня, — дадаў ён з мягкім дакорам.
— Ах, гэта так жахоўна, — адказала Анна Міхайлаўна ціха.
— Што-ж жахоўна? Што ён падобны да твайго сына?
Эвэліна многазначна паглядзела на старыка, і ён сьціх. Праз некалькі мінут Анна Міхайлаўна вышла, а Эвэліна засталася з сваёю заўсёднаю работаю ў руках.
— Ты сказала ня ўсё? — спытаўся Максім пасьля мінутнага маўчаньня.
— Але. Калі ўсе зышлі ўніз, Пётра застаўся. Ён загадаў цётцы Ані (яна гэтак называла Папельскую з дзяцінства) ісьці за ўсімі, а сам застаўся з сьляпым. І я… таксама засталася.
— Падслухваць? — сказаў стары пэдагог ледзь не машынальна.
— Я не магла… адыйсьці… — адказала Эвэліна ціха. — Яны размаўлялі адзін з адным, як…
— Як таварышы па няшчасьці?
— Але, як сьляпыя… Пасьля Юрка спытаўся ў Пётры, ці бачыць ён у сьне маці? Пётра кажа: „ня бачу“. І той таксама ня бачыць. А другі