Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/129

Гэта старонка не была вычытаная

сьляпы, Раман, бачыць у сьне сваю маці маладою, хоць яна ўжо старая…

— Так! Што-ж далей?

Эвэліна задумалася і пасьля, паднімаючы на старога свае сінія вочы, у якіх цяпер відно было барацьбу і пакуту, сказала:

— Той, Раман, добры і спакойны. Твар у яго сумны, але ня злы… Ён нарадзіўся несьляпым… А другі… Ён вельмі пакутуе, — раптам схіліла яна.

— Кажы, калі ласка, проста, — нецярпліва перабіў Максім, — другі раззлаваны?..

— Але. Ён хацеў пабіць дзяцей і кляў іх. А Рамана дзеці любяць…

— Злы і падобны да Пётры… разумею, — задумліва сказаў Максім.

Эвэліна яшчэ памаўчала і затым, як быццам гэтыя словы стоілі ёй цяжкае ўнутранае барацьбы, прамовіла зусім ціха:

— З твару абодва непадобныя… рысы іншыя. Але ў выразе… Мне здавалася, што раней у Пётры бываў выраз крыху, як у Рамана, а цяпер штораз часьцей відно таго другога… і яшчэ… Я баюся, я думаю…

— Чаго ты баішся? Хадзі сюды, мая разумная крышачка, — сказаў Максім з нязвычайнаю далікатнасьцю. І, калі яна, слабеючы ад гэтае ласкі, падыйшла да яго з сьлязьмі на вачох, дык ён пагладзіў яе шаўкавістыя валасы сваёю вялікаю рукою і сказаў:

— Што-ж ты думаеш? Скажы. Ты, я бачу, умееш думаць.

— Я думаю, што… ён лічыць цяпер, што… усе сьлепароджаныя злыя… І ён упэўніў сябе, што ён… таксама… непраменна.

— Але, вось што… — прагаварыў Максім, раптам аднімаючы руку… — Дай мне маю люльку, галубка… Вун яна там, на вакне.