Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/135

Гэта старонка не была вычытаная

сказаць. У пэўным веку кожны, хто толькі зьведаў радасьці і мукі зусім сьвядомага істнаваньня, перажывае ў большай ці меншай меры стан духовага крызысу. Спыняючыся на рубяжы дзейнага жыцьця, чалавек стараецца азначыць сваё месца ў прыродзе, сваё значэньне, свае адносіны да ваколічнага сьвету. Гэта свайго роду „мёртвы пункт“, і добра таму, каго размах жыцьцёвае сілы правядзе праз яе бяз сур’ёзнае ламаніны. У Пётры гэты духовы крызыс яшчэ ўскладняўся; да пытаньня: „нашто жыць на сьвеце?“ — ён дадаваў: „нашто жыць якраз сьляпому?“ Нарэшце ў самую гэту работу нярадаснае думкі ўсоўвалася яшчэ штосьці пастароньняе, нейкі блізка што фізычны націск незадаволенае патрэбнасьці, і гэта адбівалася на складзе яго характару.

Перад Калядамі Яскульскія вярнуліся, і Эвэліна, жывая і радая, з сьнегам у валасох і ўся абвеяная сьвежасьцю і холадам, прыбегла з пасэсарскага хутару ў сядзібу і кінулася абнімаць Анну Міхайлаўну, Пётру і Максіма. У першыя мінуты Пётраў твар асьвяціўся неспадзяванаю радасьцю, але пасьля на ім зьявіўся ізноў выраз нейкага ўпартага суму.

— Ты думаеш, што я люблю цябе? — востра спытаўся ён у той самы дзень, застаўшыся сам- на-сам з Эвэлінаю.

— Я ў гэтым пэўна, — адказала дзяўчына.

— Ну, а я ня ведаю, — панура запярэчыў сьляпы. — Але, я ня ведаю. Раней і я быў пэўны, што люблю цябе больш за ўсё на сьвеце, але цяпер ня ведаю. Пакінь мяне, паслухай тых, хто кліча цябе да жыцьця, пакуль ня позна.

— Нашто ты мучыш мяне? — вырвалася ў яе ціхая жальба.

— Мучу? — перапытаў дзяцюк, ды ізноў на твары ў яго зьявіўся выраз упартага эгоізму.