Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/14

Гэта старонка не была вычытаная

седжваў цэлыя гадзіны, дымячы люлькаю, але ў вачох замест глыбокага і тупога болю, відаць было цяпер задумлівы выраз зацікаўленага нагледача. І чым больш прыглядаўся дзядзька Максім, тым часьцей хмарыліся яго густыя бровы, і ён усё мацней соп сваёю люлькаю. Нарэшце, аднаго разу ён рашыў умяшацца:

— Гэты малы, — сказаў ён, пушчаючы калясцо за калясцом, — будзе шмат яшчэ няшчасьнейшы за мяне. Лепей было-б яму і не радзіцца.

Маладая жанчына нізка схіліла галаву, і сьляза ўпала на яе работу.

— Жорстка напамінаць мне пра гэта, Макс, — сказала яна ціха, — напамінаць бяз мэты…

— Я кажу толькі праўду, — адказаў Максім. — У мяне няма нагі і рукі, але ёсьць вочы. У малога няма вачэй, з часам ня будзе ні рук, ні ног, ні волі…

— Чаму-ж?

— Зразумей мяне, Ганна, — сказаў Максім мягчэй. — Я не пачаў-бы дарэмна казаць табе жорсткія рэчы. У хлопчыка тонкая нэрвовая арганізацыя. У яго, пакуль што, ёсьць усе шансы разьвінуць рэшту сваіх здольнасьцяў да гэткае ступені, каб хоць часткаю ўзнагародзіць яго сьлепату. Але для гэтага патрэбна практыкаваньне, а практыкаваньне выклікаецца толькі неабходнасьцю. Дурны клопат, які ўхіляе ад яго неабходнасьць натугаў, забівае ў ім усе шансы на больш поўнае жыцьцё.

Маці была разумнаю і праз гэта патрапіла перамагчы ў сабе непасрэднае пабуджэньне, змушаўшае яе кідацца кумельганам пры кожным жаласным крыку дзіцяці. Пачакаўшы некалькі месяцаў пасьля гэтае размовы, хлопчык вольна і шпарка поўзаў па пакоях, настаўляючы вуха насустрэчу кожнаму гуку і, з якоюсь нязвычайнаю ў іншых дзецях жвавасьцю, абмацваў кожную рэч, якая траплялася ў рукі.