Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/141

Гэта старонка не была вычытаная

сіняе, калі спакойнае. У твае маці сінія вочы, у Эвэліны таксама.

— Як неба… — сказаў сьляпы з раптоўна абуджанай далікатнасьцю.

— Але. Блакітныя вочы лічацца азнакаю яснае душы. Цяпер я скажу табе пра зялёны колер. Зямля сама па сабе чорная, чорныя або шэрыя сьцёблы дзераваў вясною; але як толькі цёплыя і сьветлыя праменьні разагрэюць цёмныя паверхні, дык з іх паўзе ўгару зялёная трава, зялёнае лісьцьцё. Для зяленіва патрэбна сьвятло і цяплыня, але толькі ня вельмі шмат цяплыні і сьвятла. Праз гэта зяленіва гэтак і прыемнае для вока. Зяленіва — гэта як быццам цяплыня зьмяшаная з вільготным халадком: яна выклікае ўяўленьне спакойнае задаволенасьці, здароўя, але ня палу і не таго, што людзі завуць шчасьцем… Ці ты зразумеў?

— Не… ня ясна… але ўсё-такі, калі ласка, кажы далей.

— Ну, што-ж рабіць!.. Слухай далей. Калі лета разгараецца што раз, то жарчэй, дык зяленіва як быццам томіцца ад лішкі жыцьцёвае сілы, лісьцьцё ў смазе спушчаецца ўніз і, калі сонечны зной не ўмяркоўваецца вільготнаю прахладаю дажджу, дык зяленіва можа зусім зьвянуць. Затое пад восень сярод утомленага лісьцьця наліваецца і чырванее плод. Плод чырванейшы на тым баку, дзе больш сьвятла; у ім як быццам сконцэнтрована ўся сіла жыцьця, уся палкасьць расьліннае прыроды. Ты бачыш, што чырвоны колер і тут — колер палкасьці, і ён служыць яе сымболем. Гэта колер упіцьця, граху, шалёнай злосьці, гневу і помсты. Народныя масы ў часы мецяжоў шукаюць выражэньня агульнага пачуцьця ў чырвоным штандары, які лапоча над імі, як полымя… Але-ж ты ізноў не разумееш?…

— Усё роўна, далей!..