Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/15

Гэта старонка не была вычытаная
V.

Маці ён хутка навучыўся пазнаваць па хадзе, па шорхаце адзежы, па яшчэ нейкіх, яму аднаму даступных, няўлоўленых іншымі азнаках: колькі-б ні было ў пакоі людзей, як-бы яны ні перасоўваліся, ён заўсёды скіроўваўся без памылкі ў той бок, дзе яна сядзела. Калі яна неспадзявана брала яго на рукі, дык ён усё-ж адразу пазнаваў, што сядзіць у маці. А калі яго бралі іншыя, дык ён борзьдзенька пачынаў абмацаваць сваімі ручкамі твар таго, які ўзяў яго, чалавека, і таксама хутка пазнаваў няньку, дзядзьку Максіма, бацьку. Але калі ён трапляў да чалавека незнаёмага, дык тады рухі маленечкіх рук рабіліся маруднейшымі: хлопчык асьцярожна і ўважна праводзіў імі па незнаёмым твары, і яго рысы выказвалі напружаную ўвагу; ён як быццам „утарапляўся“ кончыкамі сваіх пальцаў.

Па натуры ён быў вельмі жывым і рухлівым дзіцянём, але месяцы ішлі за месяцамі, і сьлепата ўсё болей накладала свой адбітак на хлопчыкаў тэмпэрамэнт, які пачынаў азначвацца. Рухлівасьць рухаў пакрысе гублялася; ён пачаў залазіць у ціхія куточкі і сядзеў там цэлымі гадзінамі ціха, з застыўшымі рысамі твару, як быццам да нечага прыслухваючыся. Калі ў пакоі бывала ціха, і зьмена рознародных гукаў не разрывала ўвагі, дык здавалася, што дзіця думала аб нечым з недаўменным і зьдзіўленым выразам на прыгожым і не-падзіцячаму сур’ёзным твары.

Дзядзька Максім згадаў: тонкая і багатая хлопчыкава нэрвовая арганізацыя брала сваё і ўспрыймальнасьцю да адчуцьцяў вошчупу і слыху як быццам імкнулася збудаваць да вядомае ступені паўнату сваіх успрыйманьняў. Усіх зьдзіўляла не абы якая тонкасьць яго вошчупу. Часамі нават здавалася, што ён ня чужы для адчуцьця колераў; калі яму траплялі ў рукі ясна нафарбованыя ла-