папрабаваў устаць. — Той… Хведар прыходзіў ужо? — спытаўся ён.
Эвэліна і Анна Міхайлаўна зірнулі адна на адну, і маці затуліла яму рот рукою.
— Ціха, ціха! Не гавары; табе шкодна.
Ён прытуліў матчыну руку да губаў і засыпаў яе пацалункамі. На вачох у яго стаялі сьлёзы. Ён доўга плакаў і ад гэтага яму зрабілася лягчэй.
Некалькі дзён ён быў неяк ціха-задумлівым, і на твары ў яго зьяўляўся выраз трывогі кожны раз, калі каля пакою праходзіў Максім. Жанчыны заўважылі гэта і прасілі Максіма трымацца далей. Але аднойчы Пётра сам папрасіў паклікаць яго і пакінуць іх удваіх.
Увайшоўшы ў пакой, Максім узяў яго за руку і ласкава пагладзіў яе.
— Ну-ну, мой хлопчык, — сказаў ён. — Я, здаецца, павінен папрасіць у цябе выбачэньня…
— Я разумею, — ціха сказаў Пётра, адказваючы на прывітаньне. — Ты даў мне лекцыю, і я табе за яе ўдзячны.
— К чорту лекцыі! — адказаў Максім з нецярплівай мінай. — Лішне доўга заставацца пэдагогам, — гэта страшэнна адурняе. Не, гэты раз я ня думаў ні аб якіх лекцыях, а проста вельмі раззлаваўся на цябе і на сябе…
— Значыцца, ты, сапраўды, хацеў, каб?..
— Хацеў, хацеў!.. Хто ведае, чаго хоча чалавек, калі ашалее… Я хацеў, каб ты пачуў чужое гора і пакінуў гэтак выперачацца з сваім…
Абодва змоўклі…
— Гэтая песьня, — праз мінуту сказаў Пётра, — я помніў яе нават і падчас броеньня… А хто гэты Тодар, якога ты клікаў?
— Тодар Кандыба, мой стары знаёмы.
— Ён таксама… нарадзіўся сьляпым?
— Горай: яму выпаліла вочы на вайне.