Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/157

Гэта старонка не была вычытаная

Цяпер ён зрабіўся менш чулым да вонкавых сьветлавых пабуджэньняў, а ранейшая ўнутраная работа ўляглася. Трывожныя арганічныя сілы заснулі: ён ня будзіў іх сьвядомым імкненьнем волі — зьліць у адно цэлае рознародныя адчуваньні. На месцы гэтых бясплодных патугаў стаялі жывыя ўспаміны і надзеі. Але, хто ведае, — быць можа, духовае зацішша толькі памагала несьвядомай арганічнай рабоце, і гэтыя няясныя, разрозьненыя адчуваньні тым удачней пракладалі ў яго мазгох шляхі ў кірунку адно да аднаго. Гэтак у сьне мазгі часта вольна твораць ідэі і вобразы, якіх ім ніколі нельга было-б стварыць пры ўчасьці волі.


II.

У тым самым пакоі, дзе калісь радзіўся Пётра, стаяла цішыня, сярод якой толькі чулася хліпаньне дзіцяці. З часу яго нараджэньня прайшло ўжо некалькі дзён, і Эвэліна хутка папраўлялася. Але затое Пётра ўсе гэтыя дні здаваўся прыдушаным сьвядомасьцю нейкага блізкага няшчасьця.

Прыехаў доктар. Узяўшы дзіця на рукі, ён перанёс і палажыў яго бліжэй да вакна. Борзда адсланіўшы фіранку, ён прапусьціў у пакой прамень яснага сьвятла і нахіліўся над хлопчыкам з сваімі інструмэнтамі. Пётра сядзеў тут-жа, спусьціўшы голаў, усё гэткі самы прыгнечаны і бязучасны. Здавалася, што ён не прыдаваў дзеяньням доктара а ніякага значэньня, прадбачачы наперад рэзультаты.

— Ён, напэўна, сьляпы, — цьвярдзіў ён. — Яму няварта было-б радзіцца.

Малады доктар не адказваў і моўчкі рабіў далей свае нагляданьні. Нарэшце, ён палажыў офтальмоскоп, і ў пакоі разьлёгся яго ўпэўнены, спакойны голас: