Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/28

Гэта старонка не была вычытаная

перад сабою палкаю. А калі ў руках у яго ня было палкі, дык ён лічыў за лепшае поўзаць па зямлі шпарка абмацваючы рукамі тыя, якія сустрачаліся па дарозе, рэчы.

III

Быў ціхі летні вечар. Дзядзька Максім сядзеў у садку. Бацька, па звычаю, замарудзіў недзе ў далёкім полі. На дварэ і навокал было ціха; сяло засынала, ў пакоі для слугаў таксама сьціхла гутарка работнікаў і служанак. Хлопчыка ўжо з поўгадзіны, як паклалі ў пасьцель.

Ён ляжаў, напалову задрамаўшы. З некаторага часу ў яго з гэтаю ціхаю гадзінаю пачаў зьвязвацца дзіўны ўспамін. Ён, пэўна-ж, ня бачыў, як цямнела сіняе неба, як чорныя вяршочкі дрэваў гойдаліся, рысуючыся на зорнай лазуры, як задумваліся кудлатыя стрэхі стаяўшых навокала падворку будынкаў, як сіняя імгла разьлівалася па зямлі разам з тонкім золатам месячнага і зорнага сьвятла. Але вось ужо некалькі дзён ён засынаў пад нейкім асаблівым, чаравальным уражаньнем, аб якім на другі дзень ня мог даць сабе справаздачы.

Калі драманьне ўсё гусьцей засьцілала яго сьвядомасьць, калі няяснае шарахценьне букоў зусім сьціхала, і ён пераставаў ужо разрозьніваць і далёкі брэх вясковых сабак, і шчабятаньне салаўя за ракою, і мэлянхолічнае пазвоньваньне звончыкаў, падвязваных да жарабяці, што пасьвілася на лузе, — калі ўсе паасобныя гукі стушоўваліся і губляліся, дык яму пачынала здавацца, што ўсе яны, зьліўшыся ў адну стройную гармонію, ціха ўлятаюць у вакно і доўга круцяцца над яго пасьцеляй, навяваючы неазначальныя, але на-дзіва прыемныя мары. Назаўтра ён уставаў разлагоднены і зьвяртаўся да маці з жывым пытаньнем: