Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

Ён ніколі не перарываў музыкі, і толькі, калі той сам супыняўся і праходзіла дзьве-тры мінуты ў маўчаньні, дык нямое ачараваньне зьмянялася ў хлопчыку нейкаю дзіўнаю смагаю. Ён цягнуўся да дудкі, браў яе дрыжаўшымі рукамі і прыкладаў да губаў. Дзеля таго, што пры гэтым у хлопчыкавых грудзёх захапляла дух, дык першыя гукі выходзілі ў яго нейкія дрыжачыя і ціхія. Але пасьля ён пакрысе пачаў апаноўваць няхітры інструмэнт. Іохім расстаўляў яго пальцы па дзірачках, і хаця маленечкая ручка ледзь магла ахапіць гэтыя дзірачкі, але ўсё-ж такі ён хутка прывык да гукаў гамы. Пры гэтым кожная нота мела для яго як-бы сваю асаблівую фізіяномію, свой індывідуальны характар; ён ведаў ужо, ў якой дзірачцы жыве кожны з гэтых тонаў, адкуль яго трэба выпусьціць, і часам, калі Іохім ціха перабіраў пальцамі які-нібудзь ня вельмі мудры напеў, дык хлопчыкавы пальцы таксама пачыналі варушыцца. Ён з поўнаю яснасьцяй прадстаўляў сабе пасьлядоўныя тоны разьмяркованымі па іх звычайных месцах.


VII.

Нарэшце роўна цераз тры тыдні з места прывязьлі піаніно. Петрык стаяў на падворку і ўважна слухаў, як клапатлівыя работнікі рыхтаваліся нясьці ў пакой прывозную „музыку“. Яна была, як відаць, вельмі цяжкая, таму што, калі яе пачалі паднімаць, дык воз трашчаў, а людзі храплі і глыбока дыхалі. Вось яны рушылі разьмеранымі, цяжкімі шагамі, і з кожным гэткім шагам над іхнімі галовамі штосьці дзіўна гуло, гурчала і пазвоньвала. Калі дзіўную музыку ставілі на падлогу, дык яна ізноў адгукнулася глухім гудзеньнем, як быццам пагражаючы камусьці ў вялікім гневе.

Усё гэта наводзіла на хлопчыка пачуцьцё, блізкае да перапуду, і не настройвала ў карысьць