ўсплылі раптоўна неперарыўнаю сіняватаю лінейкаю.
З ракі пацягнула халадком, і ціхі спакой таго, што надходзіў, вечару адбіўся на твары ў сьляпога; ён сядзеў са спушчанаю галавою, відочна, зьдзіўлены гэтым выразам гарачага пачуцьця.
— Мне шкада… — ўсё яшчэ хніпаючы, выгаварыла, нарэшце, дзяўчынка, тлумачачы сваю сла- басьць.
Пасьля, крыху апанаваўшы сябе, яна зрабіла спробу перавясьці размову на пастароньнюю рэч, да якое яны абое маглі аднясьціся спакойна.
— Сонейка села, — сказала яна задумліва.
— Я ня ведаю, якое яно, — быў сумны адказ. — Я яго толькі… адчуваю…
— Ня ведаеш сонейка?
— Але.
— А… свае мамы… таксама ня ведаеш?
— Маму ведаю. Я заўсёды здалёк пазнаю яе хаду.
— Але, але, гэта праўда. І я з заплюшчанымі вачыма пазнаю сваю маму.
Размова набрала больш спакойнага характару.
— Ведаеш? — загаварыў сьляпы з некатораю жвавасьцю, — гэта-ж я адчуваю сонца і ведаю, калі яно зайшло.
— Чаму ты ведаеш?
— Таму што… бачыш… Я й сам ня ведаю чаму…
— А-а! — працягнула дзяўчынка, як відаць зусім задаволеная гэтым адказам, і яны абое памаўчалі.
— Я магу чытаць, — першы загаварыў Пятрусь, — і хутка навучуся пісаць пяром.
— А як-жа ж ты?… — пачала была яна і раптам саромліва сьціхла, ня хочучы цягнуць дразьлівага допыту. Але ён яе зразумеў.