Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная
II

У першыя гады жыцьця дзіцяці Максім думаў, што ён зусім апанаваў духовы рост хлопчыка, што гэты рост адбываецца калі не пад простым яго уплывам, дык, у кожным выпадку, ніводзін новы бок яго, ніводнае новае набыцьцё ў гэтай галіне не ўцячэ ад яго нагляданьня і кантролю. Але калі надыйшоў у жыцьці дзіцяці пэрыяд, які зьяўляецца пераходнаю граніцаю паміж дзяцінствам і юнацтвам, дык Максім убачыў, як безасноўныя гэтыя гордыя педагогічная лятуценьні. Ледзь ня кожны тыдзень прыносіў з сабою што-нібудзь новае, час-ад-часу зусім неспадзяванае ў адношаньні да сьляпога, і калі Максім стараўся знайсьці крыніцы гэтае новае ідэі або новага прадстаўленьня, якое зьяўлялася ў дзіцяці, дык яму прыходзілася губляцца. Нейкая невядомая сіла працавала ў глыбіні дзіцячае душы, высоўваючы з гэтае глыбіні неспадзяваныя праявы самастойнага духовага росту, і Максіму прыходзілася супыняцца з пачуцьцём малітвенасьці перад таямнічымі працэсамі жыцьця, якія ўмешваліся гэткім чынам у яго пэдагогічную працу. Гэтыя штуршкі прыроды, яе дармавыя адкрыцьці, здавалася, дастаўлялі дзіцяці гэткія прадстаўленьні, якія не маглі быць набытымі асабістым дасьведчаньнем сьляпога, і Максім згадваў тут неперарыўную сувязь жыцьцёвых зьяваў, якая праходзіць, дробячыся ў тысячы працэсаў, цераз пасьлядоўны рад відаў асобнага жыцьця.

Спачатку гэтае нагляданьне спалохала Максіма. Бачачы, што ня ён адзін уладае разумовым ладам дзіцяці, што ў гэтым ладзе сказваецца нешта гэткае, ад яго незалежнае і выйшаўшае з-пад яго ўплыву, ён спалохаўся за долю свайго гадунца, спалохаўся магчымасьці гэткіх запросаў, якія маглі-б паслужыць для сьляпога толькі прычынаю незаспакоенай пакуты. І ён прабаваў знайсьці