Дзіцянё нарадзілася ў багатай сям’і паўдзённа-заходняга краю, ў глухую поўнач. Маладая маці ляжала ў глыбокай няпрытомнасьці, але, калі ў пакоі разьлёгся першы крык нованароджанага, ціхі і жаласны, дык яна замітусілася з заплюшчанымі вачыма ў сваёй пасьцелі. Яе губы нешта шапталі, і на зьбялеўшым твары, з мягкімі, ледзь што ня дзіцячымі яшчэ, рысамі, зьявілася міна нецярплівае пакуты, як у расьпешчанага дзіцяці, якое прабуе няпрывычнага гора.
Бабка схіліліся вухам да яе штосьці ціха шаптаўшых губаў.
— Чаго… чаго гэта яно? — пыталася хворая ціхусенька.
Бабка не зразумела пытаньня. Дзіця йзноў закрычала. Па твары ў хворае прабегла адбіцьцё вострага цярпеньня, і з расплюшчаных вачэй сьлізтанула буйная сьляза.
— Чаго, чаго? — паранейшаму ціха шапталі яе губы.
Гэтым разам бабка зразумела пытаньне і спакойна адказала:
— Вы пытаецеся, чаго дзіцянё плача? Гэта заўсёды так бывае, супакойцеся.