Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/80

Гэта старонка не была вычытаная

І вось, нарэшце, надыйшоў час, калі стары настаўнік пастанавіў разарваць гэтае кола, адчыніць дзьверы цяпліцы, каб у яе магла ўварвацца сьвежая струя вонкавага паветра.

ІІ.

Для першага здарэньня ён запрасіў да сябе старога таварыша, які жыў за вярстоў 70 ад сядзібы Папельскіх. Максім калі-ні-калі бываў у яго й раней, але цяпер ён ведаў, што ў Стаўручэнкі гасьціць прыезная моладзь, і напісаў яму пісьмо, запрашаючы ўсю кампаньню. Запрашэньне гэтае было ахвотна прынята. Старыкі былі зьвязаны старым кампанствам, а моладзь помніла досіць гучнае калісь імя Максіма Яцэнкі, з якім зьвязваліся вядомыя традыцыі. Адзін з сыноў Стаўручэнкі быў студэнтам кіеўскага унівэрсытэту па модным тады філёлёгічным факультэце. Другі вучаўся музыкі ў пэтэрбурскай консэрваторыі. З імі прыехаў яшчэ малады кадэт, сын аднаго з бліжэйшых абшарнікаў.

Стаўручэнка быў моцны старык, сівы, з даўгімі казацкімі вусамі і ў шырокіх казацкіх шараварах. Ён насіў капшук з табакаю і люльку прывязанымі да пояса, гаварыў ня йначай, як паукраінску, і побач з двума сынамі, апраненымі ў белыя сьвіткі і вышытыя украінскія сарочкі, вельмі прыпамінаў гоголеўскага Бульбу з сынамі. Аднак-жа, у ім ня было і сьлядоў романтызму, адрозьніваўшага гоголеўскага рыцара. Наадварот, ён быў якнайлепшы практык-абшарнік, праз усё жыцьцё якнайлепш ладзіўшы з прыгоннымі адносінамі, а цяпер, калі гэтая „няволя“ была скасована, умеўшы добра прытарнавацца і да новых варункаў. Ён знаў народ, як зналі яго абшарнікі, г. знач. ён знаў кожнага мужыка свае вёскі, і ў кожнага мужыка знаў кожную карову і ледзь ня кожны лішні карбованец у мужыцкай машне.