Старонка:Сьляпы музыка (1928).pdf/81

Гэта старонка не была вычытаная

За тое, калі ён і ня біўся з сваімі сынамі на кулакі, як Бульба, дык усё-ж такі паміж імі адбываліся заўсёдныя і вельмі заўзятыя стычкі, якія не абмяжоўваліся ні часам, ні месцам. Усюды, дома і ў гасьцёх, па самай драбнюсенькай прычыне паміж старым і моладзяй загараліся несканчальныя спрэчкі. Пачыналася звычайна з таго, што стары, пасьмехваючыся, дразьніў „ідэальных панічоў“; тыя гарачыліся, стары таксама разгарачаўся, і тады паўставаў самы неўяўляльны гармідар, у якім абедзьвюм старонам даставалася не на жарт.

Гэта было адбіцьцё вядомае розьніцы паміж „бацькамі і дзяцьмі“, толькі тут гэтае зьявішча сказвалася ў значна зьмягчанай форме. Моладзь, з дзяцінства адданая ў школы, вёску бачыла толькі ў кароткі канікулярны час, і праз гэта ў яе ня было таго конкрэтнага знаньня народу, якім вызначаліся бацькі-абшарнікі. Калі паднялася ў грамадзянстве хваля „народалюбства“, застаўшая юнакоў у вышэйшых клясах гімназіі, дык яны павярнуліся да вывучэньня роднага народу, але пачалі гэтае вывучэньне з кніжак. Другі шаг прывёў іх да непасрэднага вывучэньня праяваў „народнага духу“ ў яго творчасьці. Хаджэньне ў народ панічоў у белых сьвітках і вышываных сарочках было тады моцна распаўсюджана ў Украіне. На вывучэньне эканамічных варункаў не зьвярталася асаблівае ўвагі. Маладыя людзі запісвалі словы і музыку народных думак і песьняў, вывучвалі паданьні, спраўджалі гістарычныя факты з іх адбіцьцём у народнай памяці, наагул глядзелі на мужыка праз поэтычную прызму нацыянальнага романтызму. Ад гэтага, можа, ня надта адмовіліся-б і старыкі, але ўсё-ж яны ніколі не маглі дагаварыцца з моладзяй да якога-нібудзь паразуменьня.

— Вось, паслухай ты яго, — казаў Стаўру-